Пошук

“Молімся. Папа быў паранены”. 40-годдзе замаху на св. Яна Паўла ІІ

“Агджа ведаў як страляць, і страляў, несумненна, беспамылкова. Толькі што як бы “хтосьці” вёў гэтую кулю” - тлумачыў св. Ян Павел ІІ сваё цудоўнае ўратаванне падчас замаху, які адбыўся 40 гадоў таму.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Сонечным рымскім вечарам 13 мая 1981 г. у Ватыкане распачыналася агульная аўдыенцыя з удзелам каля 20 тыс. чалавек. Амаль палову з іх складалі італьянскія і нямецкія рабочыя – Ян Павел ІІ павінен быў прамовіць катэхезу з нагоды 90-годдзя энцыклікі Льва ХІІІ Rerum Novarum. Яна была абнародавана на наступны дзень, разам з motu proprio аб заснаванні Папскай рады па справах сям'і.

Пантыфік перамяшчаўся па плошчы св. Пятра, стоячы ў белым Fiat Campagnola і вітаючы прысутных пад гучныя апладысменты і воклічы. У 17.17 раздаліся некалькі стрэлаў і фігура Папы знікла з гарызонту. Пазадарожнік са скрываўленым Пантыфікам на вялікай хуткасці накіраваўся ўнутр Ватыкана. Праз некалькі хвілін Святога Айца пераклалі ў машыну хуткай дапамогі і павезлі ў рымскую клініку імя Агасціна Джэмелі. Ён страціў каля трох літраў крыві. Сэрца ледзьве білася...

На плошчы наступіла поўная цішыня. Вернікі стаялі нібы акамянелыя. “Усе стаяць і амаль не каментуюць трагічную сцэну, сведкамі якой яны сталі. Амаль усе маўчаць, чакаюць навін…”, - казаў у прамым эфіры з плошчы св. Пятра журналіст Ватыканскага радыё Бэнэдэта Нардучы.

Праз хвіліну ўсю навакольную тэрыторыю пранізвалі гукі сірэн паліцэйскіх машын. Пачалася аперацыя па затрыманні злачынцы. Ім аказаўся наёмны забойца турэцкага паходжання Мехмет Алі Агджа. Упершыню ў гісторыі тэрарыстычны акт быў здзейснены ў месцы, адкуль штодзённа гучыць пасланне любові, міру і прабачэння. Хрысціянская кроў зноў пралілася на ватыканскім пагорку.

З гукаўзмацняльнага абсталявання раздаўся голас: “Молімся. Папа быў паранены. Стан Святога Айца дастаткова сур’ёзны… Ave Maria gratia plena…”. Пачалася ружанцовая малітва на лацінскай мове. Сведкіх тых падзей успаміналі, што маліцца было цяжка. Гукі сірэн заглушалі словы вернікаў.

Пасля малітвы прагучала паведамленне, якое прынесла надзею: “Здаецца, што стрэламі не былі закрануты жыццёва важныя органы і небяспека меншая, чым меркавалася”. Вернікі сустрэлі яго апладысментамі.

У 19.30 Зала Друку падала больш поўную інфармацыю: “Сёння, 13 мая 1981 г., Ян Павел ІІ, як звычайна, праязджаючы па плошчы св. Пятра на белым пазадарожніку, каб прывітаць прысутных вернікаў і даць пачатак агульнай аўдыенцыі, быў паранены ў брушную поласць пісталетнымі стрэламі, зробленымі з блізкай адлегласці замежнікам, які адразу быў арыштаваны супрацоўнікамі паліцыі. На машыне хуткай дапамогі Папа быў неадкладна дастаўлены ў хірургічнае аддзяленне шпіталя імя Агасціна Джэмэлі, дзе быў падвержаны хірургічнаму ўмяшанню. Яно яшчэ працягваецца. Нягледзячы на тое, што стан Папы выклікае хваляванне, ён дазваляе спадзявацца на выздараўленне. Увесь свет, узрушаны навіной, жадае, каб Папа аправіўся як мага хутчэй”.

Ян Павел ІІ правёў у шпіталі 22 дні, але ўжо ў бліжэйшую пасля замаху нядзелю на галоўнай ватыканскай плошчы зноў загучаў яго голас. У клініцы ён запісаў спецыяльнае пасланне.

“Пахвалёны Езус Хрыстус! Найдаражэйшыя браты і сёстры, я ведаю, што ў гэтыя дні і асабліва ў гэты час малітвы Regina Coeli вы з’яднаныя са мной. Шчыра дзякую за вашы малітвы і ўсіх вас благаслаўляю. Выказваю асаблівую блізкасць двум асобам, якія былі паранены разам са мной. Малюся за брата, які ў мяне страляў і якога я шчыра прабачыў. З’яднаны з Хрыстом, Святаром і Ахвярай, ахвярую мае пакуты за Касцёл і свет. Цябе, Марыя, зноў кажу: Totus tuus ego sum, - прамаўляў Пантыфік.

За ўратаванне свайго жыцця ў той майскі дзень Ян Павел ІІ быў заўсёды ўдзячны Маці Божай. У кнізе Памяць і самасвядомасць ён казаў: “Я зноў быў даўжніком Найсвяйцейшай Панны і ўсіх святых апекуноў. Ці ж можна забыць, што здарэнне на плошчы св. Пятра выпала на той дзень і на тую гадзіну, калі больш за шэсцьдзесят гадоў таму ў партугальскай Фаціме адбылося першае аб’яўленне Маці Хрыста ўбогім вясковым дзецям? Бо ва ўсім, што мяне менавіта ў той дзень напаткала, я адчуў гэты незвычайны мацярынскі клопат і апеку, якія аказаліся мацнейшымі за смерцяносную кулю”.

У Фаціму Ян Павел ІІ здзейсніў свой першы візіт пасля выздараўлення, а ў карону фігуркі Маці Божай, якая захоўваецца ў мясцовым марыйным санктуарыі, была ўстаўлена куля, якую рука Багародзіцы адвяла ад сэрца Пантыфіка.
 

13 мая 2021, 09:16