Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Дзяржсакратар: патрэбна неадкладнае перамір’е ў Святой Зямлі

Папа і Апостальская Сталіца глыбока занепакоены сітуацыяй у Святой Зямлі. Трэба неадкладна пакласці канец эскалацыі супрацьстаяння паміж ізраільцянамі і палестынцамі, - сказаў кардынал П’етра Паралін.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Гэты канфлікт нясе толькі смерць і разбурэнні”, - падкрэсліў Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы падчас размовы з журналістамі. Ён нагадаў, што ахвярамі ўзброенага супрацьстаяння сталі шматлікія дзеці, на што звярнуў увагу Францішак пасля малітвы Уладарка Неба 17 мая 2021 г. у Ватыкане. З гэтага вынікае абавязак зрабіць усё магчымае для дасягнення перамір’я. Іерарх з жалем заўважыў, што намаганні міжнароднай супольнасці ў гэтым кірунку пакуль не прынеслі вынікаў.

Кардынал Паралін скептычна выказаўся адносна магчымасці выканання Апостальскай Сталіцай ролі пасярэдніка ў канфлікце, спаслаўшыся на адсутнасць для гэта адпаведных умоваў.

“Аднак, мы безумоўна павінны прыкладаць усе намаганні, якія могуць дапамагчы ў першую чаргу спыніць агонь, а таксама пакласці канец гэтаму шматгадоваму канфлікту, каб дасягнуць яго вырашэння згодна з прынцыпам дзвюх дзяржаў”, - дадаў ён.

Дзяржсакратар падкрэсліў, што супрацьстаянне ў Святой Зямлі будзе абмяркоўвацца падчас візіту ў Ватыкан старшыні Еўрапейскай камісіі Урсулы фон дэр Ляен, які адбудзецца 22 мая. “Неабходна аб’яднаць усе сілы, каб пераадолець гэты крызіс”, - падкрэсліў бліжэйшы супрацоўнік Папы.
 

20 мая 2021, 10:12