Пошук

Падчас біскупскага пасвячэння. Ілюстрацыйнае фота Падчас біскупскага пасвячэння. Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал-прэфект пра крытэрыі адбору кандыдатаў на біскупаў

Прэфект ватыканскай Кангрэгацыі па справах біскупаў, якая прапануе Пантыфіку кандыдатаў на новых дыяцэзіяльных і дапаможных пастыраў, назваў крытэрыі пошуку такіх асоб.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Мы не шукаем ідэальных і бездакорных біскупаў, якіх можна было б паставіць на п'едэстал і імі захапляцца. Мы шукаем людзей з чалавечымі і духоўнымі якасцямі, першай з якіх з'яўляецца разважлівасць”, - прызнаўся кардынал Марк Уэле.

Ён патлумачыў, што разважлівасць азначае не стрыманасць і сарамлівасць, але скарэй правільны баланс паміж дзеяннем і рэфлексіяй пры прыняцці на сябе адказнасці. “Касцёлу патрэбныя не кар'ерысты, адзіная мэта якіх – падняцца па грамадскай лесвіцы і заняць першыя месцы, але людзі, якія шчыра хочуць служыць сваім сёстрам і братам, паказваючы ім шлях веры і навяртання", - заўважыў ватыканскі іерарх у інтэрв’ю Vatican News.

“Вельмі важнай часткай нашай працы з'яўляецца кантакт з епіскапатамі і Апостальскімі нунцыямі ў розных краінах, стварэнне камуніі паміж біскупамі і Святым Айцом. Аднак вялікая частка нашай дзейнасці – збор інфармацыі пра кандыдатаў, гэта праца вельмі далікатная і патрабуе вялікай разважлівасці. Мы клапоцімся пра ананімнасць людзей, з якімі раімся. Гэта звязана з павагай да асоб, што разглядаюцца ў якасці кандыдатаў, і нашым клопатам пра тое, каб прапанаваць Пантыфіку сапраўды добрых пастыраў. Яны павінны характарызавацца глыбокай верай, здольнасцю будаваць адносіны і адкрытасцю да Паўсюднага Касцёла, а таксама глыбокай павагай да Божага народа. Мы шукаем людзей, здольных дзейнічаць цалкам у духу ахвярнасці і любові да людзей", - адзначыў кардынал Уэле.

Канадскі іерарх прызнаў, што, хоць асноўныя якасці, неабходныя для таго, каб стаць біскупам, на працягу стагоддзяў заставаліся нязменнымі, кожны наступны пантыфікат характарызуецца асаблівай "чуласцю" да пэўных пытанняў. "Кожны Папа атрымлівае ад Духа Святога асаблівае бачанне бягучых праблем і выклікаў, якія стаяць перад Касцёлам, таму выбірае супрацоўнікаў, здольных лепш служыць Божаму народу ў дадзены момант", - адзначыў прэфект Кангрэгацыі па справах біскупаў.
 

28 красавіка 2021, 12:03