Vatican News
Ватыканскія музеі. Ілюстрацыйнае фота Ватыканскія музеі. Ілюстрацыйнае фота 

Новы відэа-праект раскрые таямніцы Ватыканскіх музеяў

Celata Pulchritudo – Схаваная прыгажосць. Таямніцы Ватыканскіх музеяў – гэта новы мультымедыйны праект, створаны ў супрацоўніцтве паміж Vatican News і Музеямі.

Сакрэты, малавядомыя гісторыі, цікавосткі хаваюцца за агульнапрызнанай прыгажосцю шэдэўраў ватыканскіх калекцый. Пачынаючы з 20 красавіка 2021 г. з’явіцца серыя кароткіх відэа, аўтары якіх пастараюцца па-новаму расказаць пра мастацтва: ад крыніц натхнення такіх вялікіх майстроў, як Мікеланджэла і Рафаэль, да таямнічасці старажытных дахрысціянскіх цывілізацый; ад закулісся Музеяў, якія творцы лічаць сусветнай школай мастацтва, да спадчыны ведаў, даследаванняў, кансервацыі і рэстаўрацыі.

Штомесяц на працягу года будзе з’яўляцца дзве відэаверсіі: першая будзе зроблена ў больш шырокім, апісальным фармаце, адрасатамі другой стане аўдыторыя сацыяльных сетак – яна будзе значна карацейшай. Ролікі з’явяцца ў інтэрнэце і сацыяльных профілях Vatican News і Ватыканскіх музеяў. Аўтары ідэі хочуць прапанаваць новы погляд на папскія калекцыі, доступ да якіх абмежаваны з прычыны пандэміі.

"Нават самыя вядомыя і найбольш публікаваныя творы хаваюць малавядомыя падрабязнасці, цікавосткі і аспекты, якія можна адкрыць па-новаму дзякуючы дапамозе тых, хто іх вывучае, даглядае, аднаўляе і захоўвае. Мы паспрабуем наблізіць як мага больш людзей да гэтых скарбаў прыгажосці”, - адзначыў Андрэа Тарніелі, галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ.

Відэа-праект прысвечаны перш за ўсё людзям, якія штодня працуюць над захаваннем і пашырэннем адной з самых вядомых калекцый шэдэўраў у свеце, - заўважыў Паола Нікаліні, намеснік дырэктара Ватыканскіх музеяў.
 

20 красавіка 2021, 12:26