Імша Вячэры Пана ў Ватыкане Імша Вячэры Пана ў Ватыкане 

Імша Вячэры Пана ў Ватыкане: ўсё паходзіць з Эўхарыстыі

Імша Вячэры Пана ў ватыканскай базыліцы цэлебравалася без удзелу Папы. З прычыны пандэміі не было традыцыйнага абмыцця ног на ўспамін пра жэст Езуса з Апошняй вячэры. Літургію ўзначаліў дэкан Калегіі кардыналаў.

“Існаванне Эўхарыстыі можна патлумачыць толькі тым, што Хрыстус нас палюбіў і хацеў быць побач з кожным з нас ва ўсе вякі, аж да сканчэння свету. Толькі Бог мог прыдумаць такі вялікі дар, і толькі бясконцая моц і любоў маглі яго ажыццявіць”, - адзначыў у гаміліі 1 красавіка 2021 г. кардынал Джавані Батыста Рэ.

Іерарх падкрэсліў, што ў місіі Касцёла ўсё паходзіць з Эўхарыстыі і ўсё да яе вядзе, а таму Эўхарыстыя павінна быць цэнтрам і сэрцам жыцця кожнага хрысціяніна.

“Хто верыць у Эўхарыстыю, ніколі ў жыцці не адчувае сябе самотным. Ён ведае, што ў паўзмроку і цішыні ўсіх касцёлаў ёсць Той, хто ведае яго імя і яго гісторыю. А перад табернакулюмам кожны чалавек можа з даверам адкрыць сваё сэрца і атрымаць суцяшэнне, сілы і спакой”, - дадаў дэкан Калегіі кардыналаў.

Іерарх нагадаў і пра другую таямніцу Вялікага чацвярга – устанаўленне сакрамэнту святарства, якое з’яўляецца “непараўнальным ні з чым дарам”. Ён падкрэсліў, што ад Езуса, Які перажыў фізічныя пакуты і пакінутасць, мы можам чэрпаць сілы, каб супрацьстаяць выклікам пандэміі. “Сёння мы ўбачылі, як маленькі вірус можа апусціць на калені ўвесь свет. Мы павінны ўзнесці вялікую годную малітву аб Божай дапамозе і спыненні гэтай трагічнай сітуацыі, якая цягне за сабой непакоячыя наступствы ў сферы здароўя, працы, гаспадаркі, адукацыі і непасрэдных міжасобасных адносін”, - сказаў ён.

Як заўважыў на заканчэнне кардынал Рэ, у Вялікі чацвер Езус быў выдадзены праз здраду, а таму гэты дзень з'яўляецца запрашэннем “усвядоміць свае грахі”, навесці парадак у жыцці і распачаць “шлях пакаяння і аднаўлення”, каб “атрымаць ад Бога прабачэнне”.

У Эўхарыстыі, як сцвердзіў дэкан Калегіі кардыналаў, Бог наблізіўся да нас так моцна, што мы ўжо ніколі не можам адчуваць сябе пакінутымі, бо Ён заўсёды шукае нас, любіць і запрашае, каб мы праз пакаянне і сакрамэнт паяднання атрымалі радасць Яго прабачэння і распачалі духоўнае аднаўленне з сэрцам адкрытым на Бога і бліжняга.
 

02 красавіка 2021, 12:12