Пошук

Ян Павел ІІ у мячэці Амэядаў у Дамаску Ян Павел ІІ у мячэці Амэядаў у Дамаску 

20 гадоў таму Ян Павел II стаў першым Папам, які наведаў мячэць

Гэтымі днямі адзначаецца 20-годдзе падарожжа Яна Паўла ІІ па слядах св. Паўла. Яго назвалі гістарычным, і прычынай таму стаў візіт Пантыфіка ў мячэць Амэядаў у Дамаску.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У Вялікі юбілей 2000 года Ян Павел II меў намер прайсці ў якасці пілігрыма па слядах Святога Пісання: ад Майсеевай гары Сінай, праз месцы дзейнасці Езуса ў Святой Зямлі, да Дамаска, дзе адбылося станаўленне Саўла, які першапачаткова змагаўся супраць хрысціян, як Апостала народаў. Гэта не быў ні афіцыйны дзяржаўны візіт, ні пастырская паездка. 20 гадоў таму пілігрымкі былі адзінай формай, якая давала Пантыфіку магчымасць наведаць палітычна складаныя рэгіёны – іншага варыянту не было.

Ян Павел ІІ прыбыў у мячэць Амэядаў у Старым горадзе Дамаска 6 мая 2001 г. Яна знаходзіцца недалёка ад месца, дзе быў ахрышчаны св. Павел. Святы Айцец, звярнуўся да хрысціян і мусульман з просьбай аб узаемнай павазе і цярпімасці. Ён нагадаў, што адносіны паміж дзвюма рэлігіямі павінны характарызавацца дыялогам, а не канфліктамі, бо рэлігія ніколі не можа падтрымліваць або апраўдваць нянавісць і гвалт.

Госця сустрэў сяброўскімі словамі тагачасны 85-гадовы сірыйскі Вялікі муфцій Ахмад Куфтары, вядомы адкрытасцю да дыялогу. Папа зняў абутак і разам з шэйхам – абодва апіраючыся на палкі – увайшоў у мячэць, узведзеную на месцы базылікі св. Яна Хрысціцеля, якога хрысціяне лічаць апошнім біблейскім прарокам да з'яўлення Хрыста, а мусульмане прызнаюць як Яхджу, сына Захарыі, аднаго з прарокаў.

На багата аздобленым дзядзінцы, пад залаціста-зялёным фасадам з выявай раю, Ян Павел ІІ заклікаў хрысціян і мусульман да супрацоўніцтва на карысць чалавецтва. Ён падкрэсліў, што яны павінны разглядаць сябе ў якасці партнёраў, і нагадаў пра поспехі ў міжрэлігійным дыялогу, напрыклад, абмен з Каірскім універсітэтам Аль-Азхар. Але хрысціянска-ісламскі дыялог не можа абмяжоўвацца да сустрэч некалькіх інтэлектуалаў. Павінен адбывацца “жыццёвы дыялог”, мірнае і сяброўскае суіснаванне прадстаўнікоў абедзвюх рэлігій, - адзначыў у 2001 г. Ян Павел ІІ.
 

27 красавіка 2021, 11:19