Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: першы дакумент аб кліматычных мігрантах

Святы Пасад апублікаваў “Душпастырскія рэкамендацыі па кліматычна перамешчаных асобах". Дакумент падрыхтавала Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

Дапаможнік утрымлівае факты, інтэрпрэтацыю і прапановы па душпастырскай працы з асобамі, якія пакідаюць сваю радзіму з прычын змены клімату. Яго мэта – дапамагчы епіскапатам, мясцовым Касцёлам, парафіям і каталіцкім арганізацыям справіцца з гэтым феноменам.

Ва ўступе да дакумента Францішак перафразаваў знакамітыя словы Гамлета "быць ці не быць", ператвараючы іх у "бачыць ці не бачыць". Ён заўважыў, што наша рэакцыя на кліматычны крызіс і яго наступствы ў галіне міграцыі пачынаецца з таго, што мы заўважаем або не заўважаем праблему.

У дакуменце нагадваецца, што гэтая рэчаіснасць тычыцца мільёнаў людзей, асабліва на экзістэнцыяльнай перыферыі свету. Кліматычны крызіс мае адмысловае "чалавечае аблічча". Адсюль і мацярынская заклапочанасць Касцёла тымі, хто найбольш пакутуе ў выніку дадзенай з’явы, наступствам чаго і стала выданне душпастырскіх рэкамендацый.

Раней Святы Пасад публікаваў дакументы на тэму бежанцаў і перамешчаных асоб, але цяперашні – першы, цалкам прысвечаны наступствам кліматычнай міграцыі і так званым кліматычна перамешчаным асобам.

Падчас прэзентацыі дакумента кс. Фабіа Баджа, намеснік кіраўнік Аддзела мігрантаў і бежанцаў Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, адзначыў, што цяперашні кліматычны крызіс прывёў да новых душпастырскіх выклікаў.

"Распрацаваныя рэкамендацыі грунтуюцца на вучэнні Касцёла і яго практычным вопыце рэагавання на патрэбы перамешчаных асоб як унутры, так і за межамі іх краін", - падкрэсліў святар. Ён дадаў, што дакумент з'яўляецца плёнам рэкамендацый з боку мясцовых Касцёлаў і шматлікіх рэлігійных і каталіцкіх арганізацый, якія сутыкнуліся з гэтай праблемай.

Тут у дзесяці пунктах тлумачыцца сувязь паміж кліматычным крызісам і з’явай перамяшчэння. Гучаць прапановы, як прадухіліць міграцыю, калі яе ўсё яшчэ можна пазбегнуць, а калі яна непазбежная, як падрыхтаваць людзей да выезду з дому і іх інтэграцыю ў новыя супольнасці. У дакуменце падкрэсліваецца, што душпастырскае суправаджэнне перамешчаных асоб павінна быць адаптавана да абставін і канкрэтных патрэб. Гучыць запрашэнне да даследавання ўплыву клімату на перамяшчэнне насельніцтва.

Ва ўступе Францішак падкрэсліў, што "бачыць ці не бачыць – гэта пытанне, якое вядзе нас да дзеянняў, да сумеснай працы". Паводле Святога Айца, новы ватыканскі дакумент выразна паказвае, што з Божай дапамогай можна і трэба рабіць сёння, каб аказваць рэальную душпастырскую падтрымку кліматычным мігрантам.
 

31 сакавіка 2021, 13:15