Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Рэгент Пэнітэнцыярыі: таямніца споведзі – лякарства ад зла

Амаль 900 святароў і семінарыстаў з усяго свету бяруць удзел у 31-м курсе на тэму сакрамэнту пакаяння, арганізаваным у анлайн-фармаце Апостальскай пэнітэнцыярыяй.

Кс. Кшыштаф Ныкель, Рэгент гэтай структуры Святога Пасаду, у інтэрв’ю Vatican News акрэсліў мэту форуму, якая заключаецца ў фармацыі не столькі спаведнікоў, колькі “распарадчыкаў міласэрнасці”.

У дзень адкрыцця курсу кс. Ныкель нагадаў пра дэкрэт Пэнітэнцыярыі ад 29 чэрвеня 2019 г. на тэму важнасці ўнутранай сферы і непарушнасці таямніцы споведзі.

Святар сцвярджае, што часам можа прыходзіць спакуса паддаваць сумневу правілы, акрэсленыя ў Дэкрэце, каб, напрыклад, у залежнасці ад роду злачынства, мець магчымасць ухіляцца ад непарушнасці таямніцы споведзі дзеля спрыяння выкрыванню злачынца.

“Касцёл не можа ні ў якім выпадку ўхіліцца ад абавязку, ускладзенага на спаведнікоў, - падкрэсліў ксёндз Ныкель. - Няма такой магчымасці не таму, што мы хацелі б штосьці захоўваць у таямніцы, не таму, што мы хацелі б нешта наўмысна ўтойваць, а таму, што не святар з’яўляецца прыладай прабачэння, а сам Бог – аўтар прабачэння. Для захавання святасці сакрамэнту і адначасова добрага імя пэнітэнта абавязак сакрамэнтальнай пячаткі ніколі не можа быць зняты. Таму святар абавязаны захоўваць таямніцу сакрамэнтальнай споведзі таксама пасля смерці пэнітэнта”.

Рэгент Пэнітэнцыярыі назваў захаванне святасці споведзі “сапраўдным лякарствам і супрацьяддзем ад усялякага зла”.
 

12 сакавіка 2021, 10:48