Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

25-годдзе адгартацыі св. Яна Паўла ІІ Vita Consecrata

“Сведкі прыгажосці Бога” – пад такім загалоўкам 25 сакавіка 2021 г. было абнародавана пасланне кардынала Жуана Браз дэ Авіса з нагоды 25-годдзя Апостальскай адгартацыі св. Яна Паўла ІІ Vita Consecrata.

Прэфект Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця нагадаў, што ва ўмовах пандэміі каронавіруса кансэкраваныя асобы ў першую чаргу пакліканы абудзіць у людзях пачуццё надзеі.

Кардынал заўважыў, што Vita Consecrata была абнародавана ў перыяд вялікай нявызначанасці, у кантэксце “вадкага грамадства, размытай тоеснасці і аслаблення пачуцця прыналежнасці”. Уражвае, аднак, што ў дакуменце “ідэнтычнасць кансэкраванага жыцця” акрэсліваецца, як “ікона перамененага Хрыста, Які адкрывае хвалу і аблічча Айца ў светлым ззянні Духа”.

Св. Ян Павел ІІ нагадвае, што кансэкраванае жыццё грунтуецца на ідэі адносін. Ён падкрэслівае, што збаўленне прыходзіць праз жыццё людзей, якія бяруць на сябе цяжар іншых, праз сведчанне братэрства, праз святасць “не самотных дасканалых асоб, але бедных грэшнікаў, якія штодзённа падзяляюць і дораць міласэрнасць і разуменне”.

Кансэкраванае жыццё не супрацьпастаўляе сябе каштоўнасцям свету і ўсеагульнай празе шчасця, але сведчыць сабой, што беднасць, цнатлівасць, паслухмянасць маюць вялікую гуманістычную сілу, з’яўляецца сапраўднай чалавечай экалогіяй, дае сэнс і раўнавагу жыццю, гармонію і свабоду ў адносінах з рэчамі, захоўвае ад злоўжыванняў, стварае братэрства, дорыць прыгажосць, - падкрэсліў кардынал Браз дэ Авіс.

Прэфект заклікаў кансэкраваных асоб мець Боскія пачуцці “паслухмянага Сына, Слугі, Які пакутуе, і нявіннага Ягняці”, абуджаць у сабе, а ў першую чаргу ў сваіх сучасніках, цягу да таго, што з’яўляецца прыгожым і сапраўдным.
 

25 сакавіка 2021, 13:00