Кардынал Паралін падчас візіту ў цэнтр Cittadella della pace Кардынал Паралін падчас візіту ў цэнтр Cittadella della pace 

Дзяржсакратар сустрэўся з будучымі лідарамі Міжземнамор’я

Намаганні, накіраваныя на будаванне міру – гэта штосьці цудоўнае, - падкрэсліў кардынал П’етра Паралін падчас сустрэчы з удзельнікамі фармацыйнага курса для моладзі з Міжземнаморскага рэгіёну.

15 лютага 2021 г. Дзяржсакратар наведаў цэнтр Cittadella della Pace, побач з італьянскім горадам Арэца. Тут ён звярнуўся да юнакоў і дзяўчат, якія прымаюць удзел у праектах міжнароднай арганізацыі World House di Rondine, заснаванай у 1988 г. для прафілактыкі ўзнікнення ўзброеных канфліктаў, і ініцыятывы каталіцкага епіскапату Італіі пад назвай Міжземнамор’е: мяжа міру, адукацыі і згоды.

“Я бачу, што вы прыбылі з рэгіёнаў, дзе існуе напружанасць і канфлікты. Таму вы ведаеце, што намаганні, накіраваныя на будаванне міру – гэта штосьці цудоўнае. Я распавяду Папу пра нашу сённяшнюю сустрэчу і перадам яму вашы прывітанні, але ў першую чаргу паінфармую яго пра вашы намаганні. Я скажу Папу, што тут будуецца мір, крок за крокам, цаглінка за цаглінкай”, - сказаў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца.

Удзельнікі сустрэчы прыбылі з розных рэгіёнаў Міжземнамор’я: з Балкан, Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі. Плануецца, што пасля завяршэнне фармацыйнай праграмы яны вернуцца ў краіны свайго паходжання, каб разам з мясцовымі Касцёламі спрыяць ажыццяўленню грамадска-культурных перамен, садзейнічаць большай павазе да міру і ўмацаванню сацыяльнай адказнасці прадпрыемстваў.

“Праекты, якія мы рэалізуем, калі вернемся ў нашы краіны, будуць мець на мэце дыялог, згоду і мір. Мы працягнем развіваць сетку супрацоўніцтва паміж моладдзю, якая прагне грамадскага развіцця ў Міжземнамор’і”, - падкрэсліла ў каментары для Vatican News Аміна, маладая ўдзельніцы сустрэчы з Босніі і Герцагавіны.
 

16 лютага 2021, 12:10