Папа Францішак і прафесар Вінчэнца Буонома Папа Францішак і прафесар Вінчэнца Буонома 

Папа прызначыў кіраўніка Дысцыплінарнай камісіі Рымскай курыі

Папа прызначыў кіраўніком Дысцыплінарнай камісіі Рымскай курыі прафесара Вінчэнца Буонома, рэктара Папскага латэранскага ўніверсітэта, - паведаміла 8 студзеня 2020 г. Зала Друку Святога Пасаду.

Адначасова Святы Айцец прызначыў членамі згаданай Камісіі мансеньёра Алехандра Бунге, старшыню Бюро працы Апостальскай Сталіцы, і Максімільяна Кабалера Леда, Генеральнага сакратара Сакратарыяту па эканамічных пытаннях.

У кампетэнцыі Дысцыплінарнай камісіі знаходзіцца вызначэнне санкцый у адносінах да супрацоўнікаў Рымскай курыі, у тым ліку пытанні, звязаныя з адстаўкай і звальненнем з пасады. Яна была заснавана 5 кастрычніка 1981 г. св. Янам Паўлам ІІ. Структура складаецца з кіраўніка і шасці членаў, якія прызначаюцца Пантыфікам на пяцігадовы тэрмін.

Першым кіраўніком Камісіі быў венесуэльскі кардынал Разаліа Хасэ Кастыльё Лара. Да лістапада 2019 г. яе ўзначальваў італьянскі біскуп Джорджа Карбеліні.

Вінчэнца Буонома стаў першым свецкім вернікам на гэтай пасадзе. Ён нарадзіўся ў 1961 г. у горадзе Гаэта, у цэнтральнай Італіі. З’яўляецца выпускніком Папскага латэранскага ўніверсітэта, дзе абараніў ступень доктара навук у галіне міжнароднага права і дыпламатычных адносін.

Выкладчыцкую кар’еру распачаў у 1984 г. на факультэце грамадзянскага права ўзгаданай навучальнай установы. З 2001 г. з’яўляецца яго штатным выкладчыкам. З 1983 г. супрацоўнічаў з прадстаўніцтвам Апостальскай Сталіцы пры Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН, а ў 2007 г. стаў кіраўніком гэтай ватыканскай місіі. У 2014 г. Францішак прызначыў прафесара Вінчэнца Буонома на пасаду дарадчыка Дзяржавы Ватыкан, а ў 2018 г. – рэктара Папскага латэранскага ўніверсітэта.
 

09 студзеня 2021, 10:33