Папа падчас каталіцка-лютэранскай сустрэчы ў Швецыі Папа падчас каталіцка-лютэранскай сустрэчы ў Швецыі 

Кардынал пра перспектывы каталіцка-лютэранскага дыялогу

Сумесная дэкларацыя аб дактрыне апраўдання, падпісаная ў 1999 г. з’яўляецца важным этапам на шляху каталіцка-лютэранскага прымірэння, - падкрэсліў кардынал Курт Кох.

У інтэрв’ю Vatican News старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству распавёў пра значэнне Дэкларацыі з нагоды выйсця яе новага і перагледжанага перакладу на італьянскую мову. Дакумент убачыў свет 3 студзеня 2021 г. Ён быў сумесна падрыхтаваны ватыканскай дыкастэрыяй і Сусветнай лютэранскай федэрацыяй.

Кардынал Кох заўважыў, што першапачаткова Дэкларацыя была двухбаковай і тычылася каталіцка-лютэранскага дыялогу. Пазней да яе далучыліся Сусветная рада метадысцкіх Цэркваў, Англіканская супольнасць і Сусветная аб’яднанне рэфармацкіх Цэркваў. У 2019 г. у Парыжы адбылася сустрэча прадстаўнікоў згаданых рэлігійных супольнасцей, які выказалі гатоўнасць паглыбляць экуменічныя адносіны. Усе дакументы, якія тычацца гэтага працэсу, увайшлі ў новую публікацыю.

Ватыканскі іерарх распавёў, што дата абнародавання выдання была выбрана невыпадкова. Менавіта 3 студзеня 2021 г. споўнілася роўна 500 гадоў з таго моманту як папа Леў Х адлучыў ад Касцёла Марціна Лютэра, якога назваў “антыхрыстам”.

Цяпер перад Папскай радай спрыяння хрысціянскаму адзінству і Сусветнай лютэранскай федэрацыяй стаіць заданне праясніць з экуменічнага пункту гледжання гістарычныя, тэалагічныя і кананічныя пытанні, звязаныя з экскамунікай Лютэра. Гэта місія была даручана адмысловай экуменічнай групе экспертаў. Кардынал Кох выказаў пажаданне адносна з’яўлення ў будучыні “сумеснага паслання” на гэту тэму.

Новае выданне ўтрымлівае экуменічную прадмову, падпісаную кардыналам Кохам і Марцінам Юнге, Генеральным сакратаром Сусветнай лютэранскай федэрацыі. Гэта паказвае рашучую гатоўнасць працягваць крочыць шляхам прымірэння пад кіраўніцтвам Евангелля, - падкрэсліў ватыканскі іерарх.

Чарговай важнай падзеяй для прымірэння паміж католікамі і лютэранамі, на яго думку, можа стаць 500-годдзе Аўгсбургскага веравызнання, якое будзе адзначацца ў 2030 г. і мае вялікі экуменічны патэнцыял. “Выкарыстанне гэтага патэнцыялу можа стаць шматабяцальным заданнем на бліжэйшую будучыню”, - дадаў старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.
 

08 студзеня 2021, 12:28