Франчэска Дзі Джавані ў ААН Франчэска Дзі Джавані ў ААН 

Жанчына-дыпламат пра выклікі працы ў Дзяржсакратарыяце

Франчэска Дзі Джавані, намесніца сакратара Аддзела па сувязях з дзяржавамі Дзяржаўнага сакратарыята, у інтэрв’ю Our Sunday Visitor распавяла пра выклікі, звязаныя з працай для Святога Пасаду.

Прызначаная Папам у студзені 2020 г. 67-гадовая доктар юрыдычных навук з Палерма – першая жанчына, якая заняла такую высокую пасаду ў гісторыі Рымскай курыі.

У размове Дзі Джавані падкрэсліла, што таямніца Божага ўцелаўлення натхняе яе жыць “так, каб Пан заўсёды мог быць з намі, не толькі на Божае Нараджэнне”. Яна прызналася ў сваіх эмоцыях, выкліканых праўдай, што Бог зблізіўся з чалавекам, прыйшоўшы дзіцём у сціплую сям’ю з Назарэта, і звярнула ўвагу на важнасць Года св. Юзафа, абвешчанага Пантыфікам у Касцёле.

Францішак у пачатку 2020 г. выказаў надзею, што ў Рымскай курыі і Ватыкане будзе больш жанчын на кіруючых пасадах

Супрацоўніца Святога Пасаду патлумачыла, што яе праца ў якасці дыпламата тычыцца фарміравання адносін Апостальскай Сталіцы з міжнароднымі, урадавымі і міжурадавымі арганізацыямі. Яе задача – аналіз пагадненняў, якія дзяржавы заключаюць па розных пытаннях і якія патрабуюць міжнароднага ўдзелу. “Мы працуем на карысць народаў”, - сказала яна, адзначыўшы, што гаворка ідзе, у прыватнасці, пра правы чалавека, развіццё, ахову навакольнага асяроддзя, статус жанчын.

Дыпламат падзялілася думкамі аб адыходзячым годзе, які быў адзначаны пандэміяй і яе наступствамі: “пакутамі, смерцю, пашырэннем галечы і голаду, хатняга і знешняга гвалту”. Яна прызнала, што пандэмічны крызіс таксама паралізаваў працу дыпламатаў, якім давялося адмовіцца ад паездак і вочных сустрэч, так важных у іх місіі.

Дзі Джавані ўзгадала, як Францішак у пачатку 2020 г. выказаў надзею, што ў Рымскай курыі і Ватыкане будзе больш жанчын на кіруючых пасадах. Падсакратар перакананая, што ў Святым Пасадзе можа працаваць яшчэ больш жанчын і што яны могуць зрабіць адмысловы ўклад, які не мае нічога агульнага з імкненнем да ўлады. Яна прызналася, што жанчына ў Ватыкане ўсё яшчэ выклікае цікаўнасць. Нават Папа часта жартаваў з гэтай нагоды. “Дзе Ваша сутана? Дзе Ваш пояс?”, - аднойчы жартам спытаў ён, сустрэўшы яе.

У сферы міжнародных адносін часта не хапае ўзаемнага даверу і надзеі.

Намесніца сакратара ў Дзяржсакратарыяце з удзячнасцю ўспрыняла абвешчаны Год св. Юзафа. Паводле яе, гэта асаблівы святы. “Ён быў нармальным чалавекам, але ведаў, як прыняць тое, што Бог хацеў сказаць яму. Гэта мяне здзіўляе і прымушае запытацца: а што са мной? Ці магла б я прыняць тое, што Бог мне гаворыць з дня ў дзень, як св. Юзаф?”, - разважае яна.

Дыпламат спаслалася на думку Папы пра зямнога бацьку Езуса – бацьку, поўнага пяшчоты. “Не ўсе адчувалі ў жыцці пяшчоту бацькі. Калі ў гэтым годзе мы зможам выявіць ласкавасць Айца, Якім ёсць Бог, думаю, гэта будзе цудоўны момант, які дасць надзею многім людзям”, - падкрэсліла яна.

У заключэнне Дзі Джавані пажадала, каб дух узаемадапамогі дамінаваў у сферы міжнародных адносін, “дзе часта не хапае ўзаемнага даверу і надзеі”.

Доктар Франчэска Дзі Джавані, звязаная з Рухам факалараў, працуе ў Дзяржаўным сакратарыяце 28 гадоў. 15 верасня 1993 г. яна пачала службу ў Аддзеле па сувязях з дзяржавамі.
 

23 снежня 2020, 10:30