Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: экуменізм – не тэорыя, а практыка

Святы Пасад імкнецца дапамагчы лацінскім і ўсходнім біскупам лепш зразумець і рэалізаваць сваю “экуменічную адказнасць”, - заўважыў старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.

Кардынал Курт Кох даў інтэрв’ю ватыканскай “L’Osservatore Romano”, у якім пракаментаваў дакумент дыкастэрыі “Біскуп і хрысціянскае адзінства. Экуменічны vademecum”, які з’явіўся 4 снежня 2020 г.

Іерарх заўважыў, што свежыя рэкамендацыі карысныя для падтрымкі ўдзелу каталіцкіх дыяцэзій у руху за адзінства хрысціян пад кіраўніцтвам іх біскупаў. Тэкст дакумента складаецца з дзвюх частак, першая з якіх прысвечана развіццю экуменізму, а другая датычыцца міжхрысціянскіх адносін.

Спасылаючыся на думку аб тым, што біскуп нясе адказнасць за адзінства хрысціян у сваёй дыяцэзіі, кардынал адзначыў адсутнасць цвёрдага кансэнсусу наконт канцэпцыі адзінства, і гэта з’яўляецца адной з самых вялікіх праблем экуменізму сёння. Хрысціяне ўсіх традыцый сыходзяцца ў меркаванні, што гэта неабходна, але разыходзяцца ў форме. Патрэбна агульнае бачанне, таму што наступныя крокі на шляху да адзінства будуць магчымыя толькі тады, калі “мы маем ясную мэту, асабліва адносна адзінства ў веры, служэнні і сакрамэнтах”, - растлумачыў старшыня Папскай рады.

У гэтым сэнсе ватыканскі vademecum, які падтрымлівае экуменізм на мясцовым узроўні, зможа ўнесці свой уклад у агульнае ўспрыманне адзінства – поўнае і бачнае. Кардынал Кох заўважыў, што пастырскае служэнне біскупа ўключае намаганні на карысць адзінства не толькі яго мясцовага Касцёла, але і ўсіх ахрышчаных у Хрысце.

Даведнік быў распрацаваны і для таго, каб дапамагчы новапрызначаным біскупам у рэалізацыі задачы суправаджэння вернікаў у іх абавязку ўдзельнічаць у экуменічным руху ў розных яго вымярэннях: духоўным, тэалагічным, практычным, душпастырскім і культурным. І гаворка ідзе не пра тэорыю – у кожным з гэтых аспектаў vademecum прапануе канкрэтныя практычныя рэкамендацыі.
 

12 снежня 2020, 11:21