Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Дзяржсакратар: патрэбны саюз паміж чалавекам і прыродай

У падыходзе да чалавека і прыроды неабходна новая культурная мадэль. Яна павінна ўключаць тры паняцці: свядомасць, мудрасць і палітычную волю”, - лічыць кардынал П’етра Паралін.

Яго пасланне “Супрацьдзеянне змене клімату. З Парыжа ў Глазга праз Мілан” было прадстаўлена на анлайн-сустрэчы, арганізаванай пасламі Францыі, Вялікабрытаніі і Італіі, акрэдытаванымі пры Апостальскай Сталіцы з нагоды пятай гадавіны кліматычнай канферэнцыі, якая скончылася падпісаннем Парыжскага пагаднення.

Дзяржсакратар Яго Святасці заявіў, што працэс змякчэння неспрыяльных для клімату фактараў па-ранейшаму ідзе павольна: шматлікія даследаванні паказваюць, што абавязацельствы, прынятыя краінамі пяць гадоў таму ў Парыжы, далёкія ад рэалізацыі на практыцы.

Пандэмія COVID-19 і глабальнае пацяпленне сведчаць аб тым, што людзі ў грамадстве становяцца суседзямі, але часта жывуць не так, як браты і сёстры. Перад чалавецтвам стаіць выклік распрацоўкі новай культурнай мадэлі, якая будзе абапірацца на клопаце адно аб адным і прыродным асяроддзі, а не на стылі абыякавасці, разбурэння і марнавання.

Кардынал Паралін падкрэсліў, што за апошнія пяць гадоў значна павысіўся ўзровень інфармаванасці. Гэта бачна, напрыклад, ва ўзмоцненай увазе грамадзянскай супольнасці, і асабліва моладзі, да наступстваў кліматычных змен для цяперашняга і будучых пакаленняў. Назіраецца значны прагрэс у распрацоўцы практычных прапаноў і праектаў па эфектыўным і адказным падыходзе да навакольнага асяроддзя. Між іншым, развіваюцца тэхналогіі аднаўляльных крыніц энергіі, экалагічнае земляробства, адказнае рыбалоўства і аднаўленне лясоў.

Прагрэс у палітычнай волі здаецца менш аптымістычным, - з жалем заўважыў кіраўнік ватыканскай дыпламатыі. На яго думку, менавіта яе адсутнасць найбольш перашкаджае ў рэалізацыі Парыжскага пагаднення.

11 снежня 2020, 10:42