Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Кансісторый з строгімі санітарнымі абмежаваннямі

Кансісторый па ўзвядзенні ў кардынальскую годнасць 28 лістапада 2020 г. правядуць з улікам санітарных абмежаванняў з прычыны пандэміі COVID-19.

На гэта раз набажэнства не пройдзе згодна з пратаколам Папскай капэлы: у ім прыме ўдзел вельмі абмежаваная колькасць асоб. Акрамя саміх іерархаў, будуць прысутнічаць каля 100 вернікаў, якія іх суправаджаюць, пробашчы і рэктары тытулярных касцёлаў, якія Папа даверыў новым кардыналам.

Таксама не будзе звычайных для гэтых выпадкаў візітаў ветлівасці, святочных сустрэч новых кардыналаў з сябрамі, сваякамі, знаёмымі і вернікамі. У мінулыя гады яны праходзілі ў Зале Паўла VI і ў памяшканнях Апостальскага палаца.

У нядзелю 29 лістапада ў 10.00 у базыліцы св. Пятра Францішак узначаліць Эухарыстыю, у якой прымуць удзел толькі новыя кардыналы.

Нагадаем, што не ўсе з трынаццаці электаў змогуць быць на кансісторыі. Апостальскаму вікарыю Брунэя Карнэліўсу Сіму і арцыбіскупу філіпінскага Капіса Хасэ Адвінкуле не дазваляе прыбыць на ўрачыстасць стан здароўя. Атрыбуты кардынальскай годнасці ім уручыць у іншы час прадстаўнік Святога Айца.
 

27 лістапада 2020, 13:49