Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Апостальская бібліятэка абараняецца ад хакерскіх нападаў

Інтэрнэт-рэсурсы Ватыканскай бібліятэкі, аднаго з самых выбітных сусветных збораў гістарычных рукапісаў і дакументаў, увесь час падвяргаюцца хакерскім нападам.

Як распавёў у гутарцы з журналістам theguardian.com Манліа Мічэлі, кіраўнік інфармацыйнай службы Бібліятэкі, з таго часу, як у 2012 г. у тут прыступілі да аблічбоўкі калекцыі, адбываецца каля 100 кібератак у месяц. Іх колькасць пастаянна расце.

Для таго, каб абараніць свой маштабны праект, папская ўстанова заключыла партнёрскую дамову з кампаніяй Darktrace, якая спецыялізуецца на кібербяспекі.

“Мы не можам ігнараваць той факт, што наша лічбавая інфраструктура ўяўляе цікавасць для хакераў. Паспяховая атака можа прывесці да таго, што калекцыя будзе скрадзена, зменена або наогул выдалена”

, - адзначыў Мічэлі.

Найбольш шкоднаснымі і пагрозлівымі для архіва Апостальскай бібліятэкі з’яўляюцца так званыя праграмы-вымагальнікі – даволі распаўсюджаны від хакерскай атакі, калі нелегальны праграмны код непрыкметна пранікае ў камп’ютэрную сетку, а затым неверагодна хутка блакіруе файлы да таго часу, пакуль кампанія або арганізацыя не заплаціць пэўную суму, звычайна даволі значную.

Бібліятэка, заснаваная ў 1451 г. папам Сікстам IV, сёння належыць да ліку найважнейшых даследчых інстытутаў свету, у яе фондах захоўваецца адна з лепшых калекцый рукапісаў, кніг, прадметаў выяўленчага мастацтва, манет і медалёў.

Мічэлі таксама дадаў, што праект дігіталізацыі бібліятэчных фондаў, а гэта 41 млн старонак, мае на мэце не толькі забеспечыць фізічную захаванасць артэфактаў, але і даць шырокі доступ да іх даследчыкам. “Гэта велізарны крок да роўнасці ў адукацыі”, - заявіў кіраўнік інфармацыйнай службы. Да цяперашняга часу аблічбавана каля 25% дакументаў Бібліятэкі.
 

13 лістапада 2020, 12:25