Пошук

Францішак падчас літургіі Божага Нараджэння. Ілюстрацыйнае фота Францішак падчас літургіі Божага Нараджэння. Ілюстрацыйнае фота 

Ватыкан: літургія Божага Нараджэння сёлета без удзелу вернікаў

Літургія Божага Нараджэння ў Ватыкане пройдзе сёлета без удзелу вернікаў. Гэта вынікае з ліста, накіраванага Дзяржсакратарыятам пасольствам, акрэдытаваным пры Святым Пасадзе.

Прычына такога рашэння – крызіс, звязаны з пандэміяй каронавіруса. Папа правядзе літургічныя цэлебрацыі прыватна, без прысутнасці членаў дыпламатычнага корпуса, - паведамляецца ў лісце, адпраўленым 22 кастрычніка 2020 г. Секцыяй агульных спраў. Св. Імшы будуць трансліравацца ў інтэрнэце, - паведаміла CNA. Нагадаем, што набажэнствы Вялікага тыдня ў гэтым годзе праходзілі ў такой жа форме.

Варта адзначыць, што дыпламаты, акрэдытаваныя пры Святым Пасадзе, звычайна ўдзельнічаюць у папскіх набажэнствах у якасці спецыяльных гасцей.

У Італіі за апошнія тыдні рэзка вырасла колькасць заражэнняў COVID-19, шпіталізацый і смяротных выпадкаў, што прымусіла ўрад прыняць новыя меры прафілактыкі, уключаючы поўнае закрыццё трэнажорных залаў і тэатраў, а таксама закрыццё бараў і рэстаранаў у 18.00.

У мінулыя гады Пантыфік цэлебраваў св. Імшу 12 снежня, у свята Маці Божай Гвадэлупскай, а 8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, накіроўваўся на Іспанскую плошчу, дзе ўскладаў вянок да калоны Маці Божай.

Падчас урачыстасцей Божага Нараджэння Папа звычайна цэлебруе св. Імшу 24 снежня ўвечары, а на наступны дзень апоўдні з цэнтральнай лоджыі базылікі св. Пятра ўдзяляе ўрачыстае благаслаўленне Urbi et Orbi. 31 снежня адбываецца папскае ўрачыстае набажэнства Першых Нешпараў з падзякай за пражыты год, а на наступны дзень, ва ўрачыстасць святой Багародзіцы Марыі, – св. Імша ў ватыканскай базыліцы.
 

27 кастрычніка 2020, 12:33