Пошук

Vatican News
Папа Францішак і арцыбіскуп Іван Юркавіч Папа Францішак і арцыбіскуп Іван Юркавіч 

Fratelli tutti – стымул у барацьбе з пакараннем смерцю

Чалавечае правасуддзе памыляецца, але праз смяротнае пакаранне жыццё асобы знішчаецца незваротна, - заўважыў Пастаянны назіральнік Святога Пасаду ў ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе.

У інтэрв’ю Vatican News з нагоды Сусветнага дня барацьбы супраць смяротнага пакарання, які адзначаўся 10 кастрычніка, арцыбіскуп Іван Юркавіч заўважыў, што ў падыходзе да гэтай з’явы, як і да іншых аспектаў грамадскага жыцця, існуе два вымярэнні: этычнае і прававое. Яны заўсёды павінны быць злучаны між сабой, але ў многіх краінах назіраецца тэндэнцыя раздзяляць іх. Міласэрнасць павінна спадарожнічаць справядлівасці, - падкрэсліў іерарх.

Паводле ватыканскага дыпламата, усё больш людзей разумее, асабліва сярод моладзі, што знішчэнне чалавека – незалежна ад таго, па якой прычыне здзяйсняецца, і нягледзячы на здольнасць і гатоўнасць многіх забойцаў змяніцца – з’яўляецца тым, што цалкам выходзіць за рамкі логікі вяртання на нармальнага жыцця.

Арцыбіскуп Іван Юркавіч заўважыў, што бязлітаснасць і жорсткасць пакарання смерцю часта хаваецца ад людзей. “Гэта жудаснае пакаранне падносіцца нам стэрыльным, схаваным чынам, і магчыма, гэта і ёсць тое, што не дае нам магчымасці судзіць пра яго так, як належыць: адмоўна”, - сказаў прадстаўнік Святога Пасаду ў ААН.

Іерарх назваў непрымальным, калі ў імя нацыянальнай бяспекі ці грамадскага парадку анулюецца прынцып першаснасці чалавечага жыцця і чалавечай годнасці. Касцёл, а таксама ўсе людзі добрай волі, асабліва дзеячы культуры, павінны пастаянна нагадваць пра яго, выхоўваць людзей, няспынна садзейнічаць “тэрапіі сумлення”.

Выступаючы супраць смяротнага пакарання, Касцёл кіруецца евангельскім прынцыпам недатыкальнасці жыцця чалавека. “Гэта прынцып, які павінен быць пацверджаны і абаронены юрыдычна. Практычна ўсе краіны маюць сродкі для выкарыстання альтэрнатыўных форм пакаранняў: мы павінны сур’ёзна і з перакананасцю прасоўваюць гэту пазіцыю”, - сказаў арцыбіскуп Юркавіч.

На думку ватыканскага дыпламата, любоў павінна стаць адным з неабходных аспектаў сацыяльнага жыцця. “Трэба ведаць, што прабачэнне, любоў і міласэрнасць – гэта прынцыпы, якія павінны змяняць нас. Я думаю, што з часам, а таксама са сталеннем сумлення людзей, ростам агульнай адказнасці, мы зробім крокі наперад. Мы поўныя даверу і гатоўнасці, у тым ліку дзякуючы новай энцыкліцы, працягваць гэту барацьбу”, - сцвердзіў Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы ў ААН.

У новай энцыкліцы “Fratelli tutti” праблеме смяротнага пакарання прысвечаны асобны раздзел. Францішак падкрэсліў, што яно з’яўляецца замахам на чалавечую годнасць, “падманлівай прапановай”, якая не вырашае праблем, і павінна быць забаронена ва ўсім свеце.
 

13 кастрычніка 2020, 10:03