Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Божае нараджэнне ў Ватыкане: ёлка са Славеніі і яслі з італьянскага Абруца

Вялікая святочная ёлка, якая сёлета ўпрыгожыць плошчу св. Пятра, прыбудзе са славенскай вобласці Качэўе, а яслі Божага нараджэння – з італьянскай мясцовасці Кастэлі ў правінцыі Тэрама.

30 кастрычніка 2020 г. Губернатарат Дзяржавы Ватыкан паведаміў, што цырымонія інаўгурацыі святочнай кампазіцыі адбудзецца вечарам 11 снежня. Перад гэтым Францішак прыме на прыватнай аўдыенцыі прадстаўнікоў рэгіёнаў, з якіх будуць дастаўлены ёлка і яслі.

Паведамляецца, што вышыня каляднага дрэва складзе 28 метраў, а максімальны дыяметр ствала – 70 сантыментаў. Гаворка ідзе пра велічную Еўрапейскую або Звычайную ёлку з паўднёва-усходняй часткі Славеніі, на 90% пакрытай лясным масівам. Дрэва, якое адправіцца ў Ватыкан, ужо была выбрана. Яго высекуць у запаведнай зоне недалёка ад мястэчка Качэўска-Рэка, вядомага сваімі некранутымі рукой чалавека старажытнымі лясамі.

Яслі Божага Нараджэння прыбудуць сёлета з італьянскага рэгіёна Абруца, які з ХVI стагоддзя славіцца сваімі керамічнымі вырабамі. Фігуры з гэтага крохкага матэрыялу, вышынёй крыху больш за натуральны рост чалавека, будуць размешчаны на пастаменце плошчай у 125 квадратных метраў.

Статуі вырабляліся ў перыяд з 1965 па 1975 гг. вучнямі і выкладчыкамі мастацкага інстытута ў Кастэлі. На плошчу св. Пятра будзе дастаўлена толькі частка з 54 фігур, якія складаюць усю калекцыю. Некалькі дзесяцігоддзяў таму гэтыя керамічныя святочныя яслі выстаўляліся ў перад касцёлам у Кастэлі, на Форуме Траяна ў Рыме, а таксама ў Іерусаліме, Бэтлееме і Тэль-Авіве.

“У гэтым годзе, яшчэ мацней чым звычайна, традыцыйнае ўпрыгожванне прасторы, прысвечанай Божаму Нараджэнню, на плошчы св. Пятра, жадае стаць знакам надзеі і даверу для ўсяго свету. Яно прагне выразіць упэўненасць, што Езус прыходзіць да свайго народу, каб збавіць і суцешыць яго. Гэта важнае пасланне ў наш складаны час па прычыне надзвычайнай эпідэміялагічнай сітуацыі, выкліканай COVID-19”, - гаворыцца ў ватыканскім паведамленні.

Каляднае дрэва і яслі застануцца на плошчы св. Пятра да заканчэння літургічнага перыяду Божага Нараджэння, які супадае са святам Хросту Пана, што будзе адзначацца 10 студзеня 2021 г.

 

30 кастрычніка 2020, 12:14