Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: рэформа Рымскай курыі ўжо адбываецца

13 кастрычніка 2020 г. адбылося пасяджэнне Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам і правядзенні рэформы Рымскай курыі. У сувязі з пандэміяй сустрэча прайшла анлайн.

Папа далучыўся да нарады сваіх бліжэйшых дарадчыкаў з ватыканскага Дома св. Марты. Ён падкрэсліў, што “рэформа ўжо адбываецца, у тым ліку ў некаторых адміністрацыйных і эканамічных аспектах”.

Зала Друку Апостальскай Сталіцы паведаміла, што “на працягу летніх месяцаў Рада працавала над тэкстам новай Апостальскай канстытуцыі праз інтэрнэт”. Яе ўдакладнены праект быў прадстаўлены Святому Айцу. Згодна з прынятай практыкай, кампетэнтныя дыкастэрыі цяпер праводзяць вычытку тэксту.

Адзначаецца, што сустрэча была склікана для падсумавання зробленай працы і абмеркавання спосабаў увядзення ў жыццё Канстытуцыі, пасля таго як яна будзе прынята. Наступнае пасяджэнне групы кардыналаў-дарадчыкаў пройдзе ў снежні, таксама праз інтэрнэт, што звязана з эпідэміялагічнай сітуацыяй.

У нарадзе бралі ўдзел шэсць кардыналаў: П’етра Паралін, Оскар Радрыгес Марадзьяга, Рэйнхард Маркс, Шон Патрык О’Мэйлі, Джузэпэ Бэртэла і Освальд Грасіяс, а таксама Сакратар Рады, біскуп Марчэла Сэмерара, і яго намеснік, біскуп Марка Мэліна.
 

14 кастрычніка 2020, 09:06