Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  Калонка рэдактара

Бачыць у іншых братоў і сясцёр, каб збавіць сябе і свет

Ніхто не можа збавіцца ў адзіночку – галоўнае пасланне новай сацыяльнай энцыклікі Папы, - падкрэсліў галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ у сваёй аўтарскай калонцы на партале Vatican News.

Нягледзячы на трыванне фрагментарнай трэцяй сусветнай вайны, панаванне логікі прыбытку, культуры адчужэння, ігнараванне крыку галодных людзей, ёсць тыя, хто не скараецца перад наступленнем цемры, працягвае марыць, спадзявацца, будаваць братэрства і сацыяльнае сяброўства без страху запэцкаць рукі, - зазначыў Андрэа Тарніелі.

Ён нагадаў, што пяць гадоў таму Францішак выдаў энцыкліку “Laudato si’”, паказаўшы сувязь паміж крызісам экалогіі і сацыяльнай сферы, войнамі, міграцыяй і беднасцю. Ён указаў мэту, да якой трэба імкнуцца: больш справядлівая і ўважлівая да навакольнага асяроддзя эканамічная і сацыяльная сістэма, у цэнтры якой будзе чалавек, а не грошы.

Сацыяльнай энцыклікай Fratelli tutti Францішак паказвае канкрэтны шлях для дасягнення гэтай мэты: заклікае прызнаць сябе братамі і сёстрамі; стаць абаронцамі для бліжняга; усвядоміць, што мы ўсе знаходзімся ў адным чоўне, як паказала пандэмія. Гэта шлях да таго, каб не скарыцца перад меркаваннем, што “чалавек чалавеку – воўк”, не ўзводзіць новыя муры, не паддавацца спакусе самаізаляцыі, але глядзець на евангельскі вобраз Добрага Самараніна, вельмі актуальны, але адсутны ў медыйнай прасторы.

Тарніелі заўважыў, што заклік да братэрства, скіраваны Папам, можа быць прыняты, зразуметы, можа падзяляцца людзьмі іншых веравызнанняў, а таксама тымі, якія не вераць у Бога.

На яго думку, энцыкліка Fratelli tutti – гэта “summa” сацыяльнага вучэння Францішка. У ёй сістэматызаваны “сацыяльныя” выказванні Святога Айца за першыя сем гадоў яго пантыфікату.

Асновай для энцыклікі стаў Дакумент на тэму братэрства паміж людзьмі, які Пантыфік падпісаў разам Вялікім імамам Аль-Азхар Ахмедам Эль Таебам у лютым 2019 г. у Абу-Дабі. Менавіта спасылаючыся на гэту дэкларацыю, Францішак заклікае прыняць дыялог у якасці шляху, супрацоўніцтва – у якасці вобразу дзеянняў, а ўзаемнае пазнанне – у якасці метаду і крытэрыю, - падкрэсліў галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ.

Энцыкліка Fratelli tutti адрасавана кожнаму з нас і ўтрымлівае ў сабе важныя заўвагі адносна грамадскай і палітычнай дзейнасці. Цэлы раздзел дакумента прысвечаны палітыцы, як служэнню і сведчанню любові, якое натхняецца вялікімі ідэаламі і мае на мэце не вынік наступных выбараў, а агульнае дабро і будучыню новых пакаленняў.

Андрэа Тарніелі зазначыў, што важнае значэнне ў энцыкліцы маюць часткі, прысвечаныя праблеме вайны і смяротнага пакарання. Папа ставіць пад сумнеў актуальнасць канцэпцыі “справядлівай вайны”, а таксама кажа пра неапраўданасць выкарыстання пакарання смерцю, якое павінна быць адменена ва ўсім свеце.

Святы Айцец звяртае ўвагу на аслабленне пачуцця прыналежнасці да адзінай чалавечай сям’і, а таксама на ўспрыманне як утопію жадання будаваць справядлівасць і мір. “Але ёсць вялікая патрэба ў тым, каб зноў пачаць марыць, а ў першую чаргу, разам спаўняць гэту мару, пакуль не позна”, - завяршыў сваё разважанне галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ.
 

06 кастрычніка 2020, 13:57