Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Святы Пасад: зноў паставіць адносіны ў цэнтр адукацыйнага працэсу

З нагоды пачатку новага навучальнага года, 10 верасня 2020 г. Кангрэгацыя Каталіцкай Адукацыі абнародавала спецыяльны ліст, прысвечаны выклікам, звязаным з пандэміяй.

Дакумент носіць назву: “Нанова паставіць у цэнтр узаемныя адносіны з канкрэтнай і рэальнай асобай”. Ён адрасаваны каталіцкім школам, універсітэтам і іншым навучальным установам.

У лісце адзначаецца, што адказам на пандэмію каронавіруса ў адукацыйнай сферы стала выкарыстанне лічбавых платформаў для дыстанцыйнага навучання, але эфектыўнасць гэтага метаду была абумоўлена заўважнай няроўнасцю ў тэхналагічных магчымасцях. Гэта няроўнасць спрыяе паглыбленню прорвы ў доступе да адукацыі.

Дыстанцыйнае навучанне, хоць і стала незаменным у крытычныя моманты, але паказала наколькі адукацыйна-выхаваўчае асяроддзе, якое складаецца з асоб, што сустракаюцца і ўзаемадзейнічаюць паміж сабой непасрэдным чынам, не з’яўляецца чымсьці дадатковым, але фундаментальным для адукацыйнага працэсу, “незаменным для фармавання асобы і крытычнага ўспрымання рэчаіснасці”, - гаворыцца ў дакуменце.

Ватыканская структура нагадала, што працэс псіхалагічна-педагагічнага росту ў кожным узросце немагчымы без сустрэчы з іншымі і без прысутнасці іншага. Гэта стварае неабходныя ўмовы для развіцця крэатыўнасці і ўключэння асобы ў жыццё супольнасці.

Кангрэгацыя Каталіцкай Адукацыі заўважыла, што пандэмія паказала нашу ўразлівасць і ўзаемасувязь. Яна заклікае да ўмацавання адукацыйнага саюза, спрыяння каманднаму духу, больш адкрытай і інклюзіўнай адукацыі, канструктыўнага дыялогу і ўзаемаразумення.
 

10 верасня 2020, 14:06