Лагатып каталіцкай марской душпастырскай службы Stella Maris Лагатып каталіцкай марской душпастырскай службы Stella Maris 

Святы Пасад у юбілей Stella Maris: маракам трэба вярнуцца дамоў

Неабходна стварыць умовы для вяртання маракоў да іх сем’яў, - падкрэсліў кардынал Пітэр Тарксан у спецыяльным пасланні да 100-годдзя каталіцкай марской душпастырскай службы Stella Maris.

Прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека звярнуў увагу на новыя праблемы, з якімі сутыкнулася марская індустрыя ў час пандэміі. Ён нагадаў пра закрыццё меж многімі краінамі і пра ўвядзенне жорсткіх каранцінных мер. У выніку каля 300 тыс. маракоў і работнікаў марской сферы апынуліся “заблакаванымі ў моры”, у далечыні ад сваіх сем’яў, пакутуючы псіхалагічна і фізічна.

Прадстаўнік Святога Пасаду заўважыў, што заклікі аб стварэнні “спецыяльных каналаў”, прызначаных для замены экіпажаў на марскіх судах, дагэтуль ігнаруюцца. Ад імя душпастырскай службы Stella Maris кардынал Тарксан выказаў салідарнасць работнікам марской сферы і заклікаў улады краін разам з нацыянальнымі і міжнароднымі арганізацыямі вырашыць драматычную праблему згодна з пратаколамі Канвенцыі аб працы ў моры, гарантуючы бяспечнае вяртанне экіпажаў.

“Мы хочам бачыць, як маракі, заблакаваныя ў моры, вяртаюцца ў свае краіны і яднаюцца са сваімі блізкімі”, - напісаў ватыканскі іерарх.

У пасланні кардынал прапанаваў усім епіскапатам прызначыць біскупа, адказнага за душпастырства работнікаў мора, а пастыраў дыяцэзій, тэрыторыя якіх прылягае да мора, прызначыць капеланаў і лічыць марское душпастырства неад’емнай часткай свайго служэння.

У сувязі з 100-годдзем душпастырсткай службы “Stella Maris” адбылося абнаўленне яе лагатыпа. Цяпер на ім змешчаны якар – сімвал надзеі; выратавальная камізэлька – сімвал веры; Сэрца Езуса – сімвал любові; промні святла – сімвал Божага святла, якое павінна рассеяць у свеце цемру злоўжыванняў і эксплуатацыі; марскія хвалі – сімвал клопату пра людзей мора, - патлумачыў кардынал Тарксан.

Юбілей душпастырскай службы “Stella Maris” будзе адзначацца 4 кастрычніка 2020 г. Аднак, у сувязі з пандэміяй каронавіруса святочныя мерапрыемствы былі перанесены на кастрычнік 2021 г.
 

29 верасня 2020, 13:54