Vatican News
Book presentation Ordres et décorations du Saint-Siège Book presentation Ordres et décorations du Saint-Siège   (ANSA)

Дзяржсакратар пра выклікі для каталіцкай адукацыі

Сёння патрэбны людзі, здольныя весці чалавецтва да ўстойлівай і лепшай будучыні, - падкрэсліў кардынал П’етра Паралін у пасланні з нагоды Дня Каталіцкага ўніверсітэта Найсвяцейшага Сэрца.

Ініцыятыва штогадова праходзіць у Італіі 20 верасня на знак салідарнасці з самай буйной у краіне каталіцкай навучальнай установай.

Дзяржсакратар Яго Святасці Папы звярнуўся да выкладчыкаў з заклікам спрыяць “цэласнай адукацыі” студэнтаў: важна даваць не толькі навуковыя веды, але вучыць дыялогу, салідарнасці, дзяленню.

У кантэксце барацьбы з пандэміяй каронавіруса кардынал Паралін выказаў асаблівую падзяку персаналу рымскай клінікі Gemelli, якая з’яўляецца кафедрай медыцынскага факультэта Універсітэта. Іерарх высока ацаніў прафесійнасць і этычны стрыжань медыкаў.

Звяртаючыся да выкладчыкаў і студэнтаў факультэтаў эканомікі, права і сацыяльных навук, Дзяржсакратар адзначыў важнасць “пераасэнсавання крытэрыяў развіцця”, якія не могуць быць крыніцай дыскрымінацыі і няроўнасці ў доступе да рэсурсаў і паслуг, у тым ліку медыцынскіх. У сваю чаргу ў філасофіі, лінгвістыцы, педагогіцы, псіхалогіі і іншых навуках важна зноў паставіць чалавека ў цэнтр, нанова акрэсліць яго адказнасць у грамадстве, якое хутка змяняецца.

Кардынал Паралін звярнуў увагу на выклікі, звязаныя з праблемамі навакольнага асяроддзя, з адукацыяй і міграцыяй. Тут, на яго думку, патрэбныя глыбокі аналіз і інавацыйныя рашэнні, натхнёныя інтэгральным дабром чалавека, справядлівасцю, братэрствам і мірным суіснаваннем паміж народамі.

Дзяржсакратар пажадаў, каб ВНУ спрыяла фармацыі католікаў, якія змогуць паўплываць на гісторыю краіны і дапамагчы ў рэалізацыі місіі Касцёла. “Сёння існуе патрэба ў людзях з мудрым сэрцам, светлым розумам, працавітымі рукамі і моцнай верай, здольных суправаджаць чалавецтва на шляху да ўстойлівай і лепшай будучыні”, - напісаў кардынал Паралін да выкладчыкаў і студэнтаў Каталіцкага ўніверсітэта Найсвяцейшага Сэрца.
 

21 верасня 2020, 10:56