Максіміна Кабальера Леда Максіміна Кабальера Леда 

Свецкі стаў сакратаром Сакратарыята па эканамічных пытаннях

Францішак зацвердзіў кандыдатуру новага сакратара Сакратарыята па эканамічных пытаннях Святога Пасаду. Ім стаў іспанскі свецкі вернік і спецыяліст у сферы фінансаў Максіміна Кабальера Леда.

61-гадовы Максіміна Кабальера нарадзіўся ў Іспаніі, атрымаў вышэйшую адукацыю на эканамічным факультэце Мадрыдскага ўніверсітэта, скончыў бізнэс-школу IESE у Барселоне – адну з найлепшых адукацыйных устаноў у сферы прадпрымальніцтва і фінансаў, заснаваную каталіцкай супольнасцю Opus Dei. На працягу 20 гадоў працаваў у якасці кіраўніка фінансавых аддзелаў у краінах Еўропы, Блізкага Усходу і Афрыкі. У 2007 г. пераехаў у ЗША, дзе займаў высокія пасады ў буйной медыцынскай кампаніі Baxter Healthcare Inc. і кіраваў міжнароднымі праектамі.

“Там я меў магчымасць прафесійнага росту і ўзаемадзеяння з асобамі і праектамі практычна з усяго свету. Мая праца дазволіла мне пазнаёміцца з рознымі культурамі і дапамагла зразумець важнасць і моц разнастайнасці”, - сказаў Кабальера.

Эксперт прызнаўся, што яго кандыдатуру прапанаваў сам прэфект Сакратарыята па эканамічных пытаннях а. Хуан Антоніа Герэра Альвес, з якім яны сябруюць на працягу ўсяго жыцця.

“Калі а. Герэра патэлефанаваў мне з прапановай, перада мной узнік цэлы спіс прычын, чаму я не магу яе прыняць: (...) праца, дом... Аднак мая жонка і я з самага пачатку ведалі, што Божае пакліканне прыходзіць у вельмі розных формах, і такім было нашае. Таму адказ быў адзін: “fiat”, - прызнаўся ён.

Кабальера адзначыў, што для яго магчымасць супрацоўнічаць са Святым Пасадам, на службе Пантыфіку, – “гонар і вялікая адказнасць”. “Мае “таленты” – гэта мой вопыт і мая праца. Спадзяюся, з іх дапамогай змагу рэалізваць сваё заданне і працаваць на карысць эканамічнай празрыстасці Святога Пасаду”, - сказаў новы сакратар Сакратарыята па эканамічных пытаннях.
 

04 жніўня 2020, 15:37