Кардынал Пьетра Паралін Кардынал Пьетра Паралін 

Кардынал Паралін: чалавек – прыярытэт у барацьбе з пандэміяй

Клопат пра цэласнасць чалавечай асобы павінен быць важнейшай мэтай палітычнай і эканамічнай дзейнасці, - сказаў кардынал Пьетра Паралін у інтэрв’ю італьянскаму інтэрнэт-выданню “Riparte l’Italia”.

Дзяржсакратар Яго Святасці Папы перакананы, што ў кантэксце барацьбы з пандэміяй прыярытэтам павінна быць не эканоміка сама па сабе, а чалавек і розныя вымярэнні яго жыцця, якія былі закрануты крызісам. Іерарх спаслаўся на сацыяльнае вучэнне Касцёла, укарананёнае на хрысціянскай антрапалогіі, згодна з якім, нельга абмяжоўвацца толькі клопатам пра здароўе цела.

“Трэба клапаціцца пра цэласнасць чалавечай асобы, і гэта павінна быць галоўнай мэтай палітычнай і эканамічнай дзейнасці, згодна з этыкай супольнай адказнасці ў супольным доме. У сувязі з гэтым Касцёл заклікае нас нанова адкрыць пакліканне эканомікі да служэння чалавеку, каб гарантаваць кожнай асобе належныя ўмовы для цэласнага чалавечага развіцця і годнага жыцця”, - сказаў ён.

Каментуючы маючы адбыцца ў лістападзе форум “Эканоміка Францішка”, прысвечаны маладым эканамістам і прадпрымальнікам, кардынал нагадаў, што ў аснове гэтай сустрэчы ляжаць дзве важныя сацыяльныя энцыклікі апошніх гадоў: “Caritas in veritate” Бэнэдыкта XVI і “Laudato si’” Францішка.

Дзяржсакратар падкрэсліў, што на актуальныя эканамічныя праблемы Касцёл павінен рэагаваць з “пакорай і любоўю, а таксама з крэатыўнасцю”. У гэтым кантэксце Папа асаблівым чынам звяртаецца да моладзі, разлічваючы на яе адчувальнасць да праблем чалавека і навакольнага асяроддзя, а таксама на крэатыўнасць у распрацоўцы канкрэтных і мужных прапаноў.

Адно з пытанняў, узнятых падчас інтэрв’ю, тычылася наступстваў фінансавых скандалаў, звязаных з Касцёлам, для яго пераканаўчасці і аўтарытэтнасці ў эканамічных пытаннях.

“Памылкі могуць дапамагчы ўзрастаць у пакоры і матываваць да навяртання і выпраўлення, але яны не вызваляюць нас ад нашых абавязкаў. З іншага боку Касцёл з’яўляецца рэчаіснасцю, якая складаецца са слабых, грэшных людзей, часта няверных Евангеллю, але гэта не азначае, што ён можа адмовіцца ад абвяшчэння Добрай навіны. Нельга пераставаць патрабаваць справядлівасці, служэння агульнаму дабру, пашаны да годнасці працы і людзей у эканамічнай сферы”, - сказаў іерарх.

Кардынал Паралін спаслаўся на цяжкасці, якія Касцёл перажываў, а ў многіх частках свету працягвае перажываць, па прычыне адсутнасці ў вернікаў магчымасці збірацца на супольную малітву і прымаць сакрамэнты.

“Маю надзею, што перажытае намі ў першыя месяцы пандэміі, абудзіла ў многіх вернікаў большае ўсведамленне сакрамэнтальнага жыцця, разам з прагненнем і чаканнем удзелу ў літургіі, якая – як нагадвае нам Другі Ватыканскі Сабор – з’яўляецца вяршыняй і крыніцай усяго жыцця Касцёла”, - падкрэсліў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца.
 

28 жніўня 2020, 12:15