Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота  Калонка рэдактара

Вучэнне аб міры і супраць крывадушнасці

Галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ пракаментаваў рашэнне Папы падтрымаць рэзалюцыю ААН аб спыненні агню ў зонах канфліктаў для аказання гуманітарнай дапамогі пацярпелым ад каронавіруса.

Андрэа Тарніелі заўважыў, што ініцыятыва Святога Айца з’яўляецца “новым крокам на доўгім шляху”, які стаў яшчэ больш неабходным у сувязі з крызісам, “выкліканым пандэміяй, наступствы якога найбольш разбуральныя – як і наступствы войнаў – для самых бедных”.

29 сакавіка 2020 г. Папа падтрымаў заклік Генсека ААН аб спыненні агню на глабальным узроўні ў сувязі з надзвычайнай сітуацыяй, выкліканай пандэміяй, “якая не ведае межаў”. Францішак заклікаў спыніць усе формы ўзброенага супрацьстаяння, стварыць гуманітарныя калідоры, вырашаць праблемы дыпламатычным шляхам і звярнуць увагу на найбольш уразлівых. “Канфлікты немагчыма вырашыць шляхам вайны. Неабходна пераадолець антаганізм і варожасць праз дыялог і канструктыўны пошук міру”, - казаў ён.

Тарніелі заўважыў, што на працягу наступных тыдняў Святы Айцец двойчы асуджаў велізарныя расходы на ўзбраенні. У Пасхальную вігілію ён казаў пра неабходнасць спынення войнаў, вытворчасці і гандлю зброяй, “бо мы патрабуем хлеба, а не стрэльбаў”.

Пантыфік звяртаў увагу на гэту праблему таксама ў тэксце марыйнай малітве, якую прапанаваў вернікам на май. Ён заклікаў маліцца за кіраўнікоў дзяржаў, каб Багародзіца дакранулася да іх сумленняў і велізарныя сумы грошай, што накіроўваюцца на павелічэнне і ўдасканаленне ўзбраенняў, прызначаліся на падтрымку даследаванняў і прафілактыку катастрофаў, падобных на тыя, што перажывае чалавецтва.

“Шмат разоў і пры розных нагодах у папярэднія гады Францішак асуджаў “крывадушнасць” і “грэх” кіраўнікоў тых краін, якія “кажуць пра мір і прадаюць зброю для вядзення войнаў”. Гэты словы ён паўтарыў таксама вяртаючыся з апошняга падарожжа перад выбухам пандэміі, падарожжа ў Тайланд і Японію: “У Нагасакі і Хірасіме я спыніўся на малітву, я сустрэўся з некаторымі выжыўшымі і блізкімі ахвяр, а таксама паўтарыў рашучае асуджэнне ядзернай зброі і крывадушнасці, якая праяўляецца, калі кажуць пра мір, ствараючы і прадаючы прылады для вядзення вайны”.

Галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ заўважыў, што глабальныя расходы на ваенныя мэты перавысілі 2 мільярды долараў, у той час як 2 мільярды людзей пакутуюць ад войнаў, насілля, пераследу, голаду, а цяпер таксама ад пандэміі каронавіруса.
 

05 ліпеня 2020, 13:50