Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад пра выклікі пандэміі для работнікаў марской сферы

Прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека нагадаў пра цяжкасці маракоў, якія ва ўмовах пандэміі рызыкуюць уласным жыццём дзеля функцыянавання глабальнай эканомікі.

12 ліпеня 2020 г. Кардынал Пітэр Тарксан скіраваў спецыяльнае пасланне з нагоды Міжнароднага дня мора, які называецца таксама Нядзеляй мора і адзначаецца рознымі хрысціянскімі канфесіямі ў другую нядзелю ліпеня.

Іерарх заўважыў, што пандэмія каронавіруса прымусіла многія краіны закрыць шматлікія прадпрыемствы, каб перашкодзіць распаўсюджванню віруса, але марская прамысловасць не прыпыняла сваю дзейнасць. Караблямі перавозіцца каля 90% усіх тавараў, неабходных для нармальнага жыцця ў гэтых складаных умовах, сярод якіх фармацэўтычная прадукцыя і медыцынскія сродкі. Вялікія цяжкасці спазналі таксама экіпажы круізных суднаў, якія перад тым, як для іх адкрылі парты, імкнуліся стрымаць распаўсюджванне інфекцыі на борце.

Нягледзячы на фундаментальную ролю, якую маракі выконваюць для глабальнай эканомікі, падчас пандэміі заканадаўцы і палітыкі не звярталі належную ўвагу на іх патрэбы. Па гэтай прычыне Нядзеля мора з’яўляецца нагодай, каб належна ацаніць іх уклад і ўзгадаць пра іх праблемы, асабліва ў кантэксце пандэміі, - падкрэсліў кардынал Тарксан.

Першая праблема, на думку ватыканскага прэфекта, заключаецца ў тым, што ў гэтай беспрэцэдэнтнай сітуацыі члены экіпажу былі вымушаны праводзіць значна больш доўгі перыяд працы на борце. Ён нагадаў пра маракоў, якія, пасля завяршэння кантракту, не маглі трапіць дамоў у сувязі з закрыццём межаў і скасаваннем рэйсаў. Адпаведна тысячы маракоў, якія былі гатовы распачаць працу на караблях, апынуліся ў гатэлях ці інтэрнатах у розных частках свету без дастатковай колькасці сродкаў для пражывання.

Кардынал нагадаў пра выпадкі суіцыдаў сярод маракоў, выкліканыя моцным фізічным і псіхічным напружаннем, якое накапілася ў выніку адсутнасці адпачынку. Шмат маракоў маюць сур’ёзныя і небяспечныя для жыцця захворванні, патрабуюць неадкладнай медыцынскай дапамогі, а тыя, якія вяртаюцца дамоў пасля доўгіх і цяжкіх падарожжаў, вымушаны прабываць у ізаляцыі і часта сустракаюцца з дыскрымінацыяй ва ўласных краінах, бо лічацца носьбітамі каронавіруса.

У такой сітуацыі некаторыя нядобрасумленныя ўласнікі суднаў і менеджары, апраўдваючыся пандэміяй, парушаюць працоўныя правы маракоў, не выплачваюць ім належны заробак і не ствараюць бяспечныя ўмовы працы. Акрамя таго, у першыя тры месяцы 2020 г. узрасла колькасці пірацкіх нападаў, якія ствараюць пагрозу для жыцця мараплаўцаў, - нагадаў іерарх.

Кардынал Тарксан заклікаў хрысціян да павагі і ўдзячнасці маракам, якія пастаянна падвяргаюць сваё жыццё небяспецы, каб гарантаваць перавоз тавараў, неабходны для функцыянавання глабальнай эканомікі. Ён нагадаў маракам пра гатоўнасць капеланаў і валанцёраў каталіцкай душпастырскай службы “Stella Maris” заўсёды прыйсці ім на дапамогу, у тым ліку праз “віртуальнае капеланства” і малітву, а таксама дапамагчы ім абараніць свае працоўныя і чалавечыя правы.

Міжнародны дзень мора быў устаноўлены ў 1975 г. трыма хрысціянскімі арганізацыямі: каталіцкім Марскім душпастырствам “Stella Maris”, англіканскай “Mission to Seafarers” і шматканфесіным “Sailors’ Society”. Экуменічная ініцыятыва падкрэслівае важнасць укладу людзей, якія працуюць у моры, у эканоміку іх краін, а таксама звярнуць увагу на праблемы, з якімі яны вымушаны сустракацца.
 

12 ліпеня 2020, 11:39