Кардынал Бэньяміна Стэла Кардынал Бэньяміна Стэла 

Ватыканскі кардынал адказаў на крытыку нямецкіх біскупаў

Інструкцыя Святога Пасаду “Душпастырскае навяртанне парафіяльнай супольнасці на службе евангелізацыйнай місіі Касцёла” выклікала шырокую дыскусію, асабліва ў Касцёле ў Германіі.

Прэфект Кангрэгацыі па справах духавенства, кардынал Бэньяміна Стэла, які працаваў над тэкстам, шкадуе, што дакумент успрымаецца некаторымі настолькі “вузка”.

У інтэрв’ю італьянскай “La Stampa” іерарх заўважыў, што Інструкцыя падкрэслівае асаблівую ролю Эўхарыстыі і ў сувязі з гэтым акцэнтуе ўвагу на святарскім служэнні. Але гэта не значыць, што святар абавязаны ўсё рабіць сам. Ён павінен быць вызвалены ад адміністрацыйнай і бюракратычнай працы, каб прысвяціць сябе душпастырству. Аднак трэба паклапаціцца аб тым, каб парафія не ператварылася ў “філіял прадпрыемства”, якім можа кіраваць любы.

Ватыканскі іерарх абверг абвінавачванні ў тым, што Інструкцыя абцяжарвае святароў адміністрацыйнымі задачамі: наадварот, дакумент мае на мэце перасцерагчы ад канцэпцыі парафіі як “установы” культу.

У ёй падкрэсліваецца, што парафія – гэта “місіянерская супольнасць”, у якую людзі могуць зрабіць уклад у залежнасці ад сваіх харызмаў і кампетэнцый. Гэта павінна дапамагчы святару сканцэнтравацца на важных задачах яго служэння: Эўхарыстыі, прапаведаванні Божага слова, духоўным кіраўніцтве і споведзі, садзейнічанні любові і блізкасці сярод вернікаў, актыўнасці не толькі ў адносінах да вернікаў, але і да тых, хто далёкі ад веры.

Тое, як некаторыя нямецкія іерархі ўспрынялі Інструкцыю, кардынал Стэла назваў “рэдукцыяй”. Ён нагадаў, што па дамоўленасці паміж біскупам, біскупскай канферэнцыяй і Апостальскай Сталіцай цяпер свецкія могуць праводзіць абрады шлюбу і пахавання. Тут ужо дакладна рэгламентавана, што дазволена свецкім вернікам, а што належыць выключна святару.

Аднак існаванне некалькіх магчымасцей для правядзення абрадаў “не павінна прыводзіць нас да функцыяналізму, адарванага ад досведу веры Божага народа”.

У апублікаванай 20 ліпеня 2020 г. інструкцыі Кангрэгацыі па справах духавенства, між іншым, гаворыцца, што свецкія не могуць кіраваць парафіямі, гэтага таксама не можа рабіць група кансэкраваных асоб і свецкіх. Толькі святар можа быць пробашчам.

Ватыканскі дакумент быў па-рознаму прыняты ў Германіі. Некаторыя біскупы назвалі яго “нерэальным і адсталым”. Іншыя іерархі выказалі ўдзячнасць Святому Пасаду – Інструкцыя, на іх думку, вызначае місіянерскі кірунак для Касцёла.

У адказ на жорсткую крытыку, кардынал Стэла заявіў, што будзе рады сустрэцца з прадстаўнікамі нямецкага епіскапату, каб развеяць іх сумневы і абурэнне, - паведаміла нямецкае каталіцкае агенцтва KNA. Сустрэча можа адбыцца тады, “калі біскупы пажадаюць, у зручны для іх час”.
 

31 ліпеня 2020, 13:00