Пошук

Эніа Марыконэ. Ілюстрацыйнае фота Эніа Марыконэ. Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал: музыка Марыконэ вядзе да вечнага і бясконцага

У сваёй творчасці Эніа Марыконэ быў здольным выражаць невымоўнае і нябачнае – тое, што з’яўляецца душой рэлігіі, - падкрэсліў старшыня Папскай рады па культуры.

У інтэрв’ю Vatican News кардынал Джанфранка Равазі прызнаўся, што добра ведаў кампазітара і мае пра яго шмат успамінаў. У яго памяці асаблівым чынам засталіся дзве падзеі: прабыванне разам з Марыконэ ў Польшчы, калі ён рыхтаваў араторыю, прысвечаную св. Яну Паўлу ІІ; а таксама сустрэча з маэстра ў 2019 г. з нагоды ўручэння яму Залатога медаля пантыфікату Францішка за ўклад у развіццё музычнай сферы. “Гэтыя дзве падзеі сведчаць пра тое, што ён заўсёды падкрэсліваў – яго веру”, - сказаў кардынал.

Старшыня Папскай рады па культуры заўважыў, што Марыконэ неаднаразова казаў яму пра сваё жаданне ствараць сакральную ці рэлігійную музыку. У яго творчасці прысутнічае духоўнае і рэлігійнае вымярэнне. “Гэты аспект быў унутры яго”, - падкрэсліў кардынал.

“Вялікая музыка, якую ён прапаноўваў, мае ў сабе тое, што было пацверджана вялікай традыцыяй, гэта значыць тое, што музыка – гэта мова трансцэндэнтнасці, мова, якая распавядае таямніцу. Нават калі яна прамаўляе на мове гэтага свету, яе прыгажосць з’яўляецца нечым такім, што, прыступка за прыступкай, вядзе нас да вечнага і бясконцага”, - дадаў ён.

Кардынал Равазі распавёў, што аднойчы запрасіў Эніа Марыконэ выступіць на пленарным пасяджэнні Папскай рады па культуры з дакладам на тэму прыгажосці, спасылаючыся на свой досвед музыканта.

Гаворачы пра фільмы, для якіх Эніа Марыконэ напісаў саўндтрэкі, іерарх падкрэсліў, што спантанна ўзгадаецца не толькі іх візуальнае вымярэнне, але таксама і гукавое. Гэта асабліва тычыцца фільму “Місія”, у якім музычнае суправаджэнне мае рэлігійны характар і адлюстроўвае галоўную тэму стужкі – місіянерства, - дадаў ён.

“Вось па гэтай прычыне я думаю мы ўсе павінны быць удзячнымі Эніа Марыконэ, як вернікі, так і няверуючыя, але асабліва вернікі, да якіх належаў таксама і ён, менавіта таму што быў здольным выражаць невымоўнае і нябачнае, што і з’яўляецца душой рэлігіі”, - сказаў старшыня Папскай рады па культуры.  
 

07 ліпеня 2020, 09:57