Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Фонд здароўя Ватыкана: у падставе працы – салідарнасць

Старшыня ватыканскага Фонду аховы здароўя ў інтэрв’ю Vatican News раскрыў сутнасць працы структуры і галоўныя маральныя прынцыпы, на якіх яна грунтуецца.

Перш за ўсё, нагадаў мансеньёр Луіджы Місто, сістэма аховы здароўя Ватыкана аказвае медыцынскія паслугі супрацоўнікам Рымскай курыі, Губернатарата Дзяржавы Ватыкан і ўстаноў, адміністрацыйнае кіраванне якімі ажыццяўляе непасрэдна Святы Пасад.

Па яго словах, Фонд адказвае на патрэбу ў салідарнасці паміж усімі супрацоўнікамі Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан. “Гаворка ідзе пра патрэбу, якая грунтуецца на сацыяльным вучэнні Каталіцкага Касцёла, для якога рэгулюючым прынцыпам грамадскага жыцця з’яўляюцца стасункі ўзаемнай любові і дапамогі. Святы Пасад і Дзяржава Ватыкан – гэта працоўная супольнасць, якая першай павінна сведчыць аб гэтым на практыцы”, - сказаў старшыня Фонду аховы здароўя.

Салідарнасць заўважаецца ў самім прынцыпе функцыянавання структуры: кожны супрацоўнік робіць у яго ўнёсак у працэнтных суадносінах са сваёй зарплатай, хоць на справе нехта не хварэе ніколі, а іншага можа закрануць хвароба, лячэнне якой каштуе значна больш за ўнёсак, які ён зрабіў у Фонд – на яго лячэнне ідуць грошы, пералічаныя іншымі людзьмі.

Акрамя таго, мансеньёр Місто прызнаўся, што кіраўніцтва Фонду пастаянна дбае пра эфектыўнасць сваёй працы. Менавіта таму ў 2017 г., на заканчэнне пяцігадовага перыяду, які характарызаваўся працяглай дынамікай росту расходаў, новая Адміністрацыйная рада распачала працэс рэформы, якая грунтуецца на крытэрыях эфектыўнасці, празрыстасці і разважлівага карыстання наяўнымі фінансавымі рэсурсамі для гарантавання ўстойлівасці Фонду, не ўплываючы на якасць медыцынскіх паслуг.

“Хвароба – гэта экзістэнцыяльная перыферыя, праз якую ўсе, раней ці пазней, непасрэдна ці праз блізкага чалавека, праходзяць. Таму Фонд, надаючы належную ўвагу аспектам эканамічнай устойлівасці, павінен абавязкова і заўсёды ў цэнтры ставіць хворага чалавека, даючы яму адчуць увесь клопат і пяшчоту, у якіх ён мае патрэбу”, - падкрэсліў італьянскі святар.
 

27 ліпеня 2020, 14:12