Пошук

Vatican News

Ватыкан: падрыхтоўчы курс для новых рэкрутаў Швейцарскай гвардыі

Пяцёра навабранцаў Швейцарскай гвардыі праходзяць летні курс у Ватыкане. Ён распачаўся 1 чэрвеня 2020 г. і будзе доўжыцца два месяцы, - заявіў прэс-сакратар ваеннага фарміравання Урс Брайтэнмозэр.

Новыя рэкруты паходзяць з кантонаў Люцэрн, Берн, Санкт-Гален, Уры і Нідвальдэн. Першыя тыдні курсу прысвечаны знаёмству з будучымі абавязкамі ў Ватыкане, вывучэнню італьянскай мовы і праходжанню дбайнага медыцынскага абследавання.

Увосень усе навабранцы пройдуць навучанне ў штаб-кватэры паліцыі італамоўнага кантона Цічына, на поўдні Швейцарыі. Там будуць заняткі па праве і псіхалогіі, бяспецы і стральбе, выратаванню і тактыцы. Пасля гэтай падрыхтоўкі прызыўнікі вернуцца ў Ватыкан, каб распачаць службу.

Швейцарская гвардыя служыць Пантыфікам з 1506 г. Яе афіцэры і салдаты адказваюць за асабістую абарону Святога Айца і кантралююць уваход у Ватыкан. Дом св. Марты, у якім жыве папа Францішак, ахоўваецца сумесна гвардзейцамі і ватыканскімі жандарамі.

У цяперашні час Гвардыя налічвае 135 чалавек. На службу ў ёй могуць прэтэндаваць швейцарскія католікі, ва ўзросце ад 19 да 30 гадоў, якія абавязаны прайсці абавязковую ваенную службу ў сваёй краіне. У Ватыкане яны служаць два гады.

08 чэрвеня 2020, 11:45