giustizia imbavagliata.JPG

Ватыкан: брокер Торцы часова вызвалены з-пад варты

Італьянскі брокер, абвінавачаны ў махінацыях з набыццём нерухомасці ў Лондане за сродкі Святога Пасаду, часова вызвалены з-пад варты ў Ватыкане.

Па выніках допытаў, якім быў падвергнуты Джанлуіджы Торцы, у рамках расследавання справы аб куплі-продажы лонданскай нерухомасці на Слоан-Авеню, ватыканскі Прамотар справядлівасці прыняў рашэнне часова вызваліць яго, - заявіла Зала Друку Святога Пасаду.

У дэкрэце, падпісаным Джан Пьера Мілана і яго намеснікам Алесандра Дзідзі, судом было ўлічана тое, пра што гаварылася ў падрабязным мемарандуме, прадстаўленым Торцы, і ў шматлікіх далучаных да яго дакументах, карысных для высвятлення фактаў у рамках расследавання.

Джанлуіджы Торцы быў арыштаваны ў Ватыкане 5 чэрвеня 2020 г. Брокеру былі высунуты абвінавачванні ў вымагальніцтве, растраце сродкаў, махлярстве ў абцяжарвальных акалічнасцях і адмыванні грошай. У адпаведнасці з ватыканскімі законамі, яму пагражае пакаранне пазбаўленнем волі на тэрмін да 12 гадоў.

Падазроная інвестыцыя была выкрыта падчас унутранай ватыканскай праверкі ў кастрычніку 2019 г. Рэвізор паінфармаваў аб ёй Святога Айца, які ўхваліў расследаванне на прадмет выяўлення карупцыйнага складніка. Да адказнасці былі прыцягнуты таксама службовыя асобы Дзяржсакратарыята, у іх офісах быў праведзены вобыск.

Каментуючы сітуацыю ў лістападзе 2019 г., Францішак звярнуў увагу на тое, што фінансавымі рэсурсамі – у тым ліку тымі, якія паступаюць у Ватыкан дзякуючы ініцыятыве “Грош св. Пятра”, – трэба добра распараджацца. Каб грошы не ляжалі “у шуфлядзе”, трэба рабіць інвестыцыі, у тым ліку набываючы нерухомасць, каб потым выкарыстоўваць яе, прызначаючы выручаныя сродкі на ініцыятывы Касцёла. Важна, аднак, каб інвестыцыі суадносіліся з этыкай.

Папа заўважыў, што выкрыццё падазронай аперацыі ўласнымі сіламі з’яўляецца плёнам ватыканскай фінансавай рэформы, якую ініцыяваў Бэнэдыкт XVI.

16 чэрвеня 2020, 11:31