Вывеска на штаб-кватэры ватыканскага Трыбунала Вывеска на штаб-кватэры ватыканскага Трыбунала

Ватыкан: арышт па справе аб набыцці нерухомасці ў Лондане

У сувязі з гучнай справай аб падазроных аперацыях, звязаных з набыццём элітнай нерухомасці, 5 чэрвеня 2020 г. у Ватыкане быў арыштаваны брокер Джанлуіджы Торцы.

Зала Друку Апостальскай Сталіцы паведаміла, што ордэр на арышт быў выдадзены ватыканскім Прамотарам справядлівасці пасля допыту Торцы, які прайшоў у прысутнасці яго адвакатаў.

Рашэнне звязана “з вядомай гісторыяй набыцця і продажу лонданскай нерухомасці на Слоан-Авеню, у якую была ўключана сетка кампаній з удзелам некалькіх службовых асоб Дзяржсакратарыята”, - удакладняецца ў паведамленні.

Брокеру былі высунуты абвінавачванні ў вымагальніцтве, растраце сродкаў, махлярстве ў абцяжарвальных акалічнасцях і адмыванні грошай. У адпаведнасці з ватыканскімі законамі, яму пагражае пакаранне пазбаўленнем волі на тэрмін да 12 гадоў. У цяперашні час абвінавачаны ўтрымліваецца ў спецыяльным памяшканні казарм Ватыканскай жандармерыі.

Падазроная інвестыцыя была выкрыта падчас унутранай ватыканскай праверкі ў кастрычніку 2019 г. Рэвізор паінфармаваў аб ёй Святога Айца, які ўхваліў расследаванне на прадмет выяўлення карупцыйнага складніка.

Каметуючы сітуацыю ў лістападзе 2019 г., Францішак звярнуў увагу на тое, што фінансавымі рэсурсамі – у тым ліку тымі, якія паступаюць у Ватыкан дзякуючы ініцыятыве “Грош св. Пятра”, – трэба добра распараджацца. Каб грошы не ляжалі “у шуфлядзе”, трэба рабіць інвестыцыі, у тым ліку набываючы нерухомасць, каб потым здаваць яе ў арэнду ці прадаваць, прызначаючы выручаныя сродкі на ініцыятывы Касцёла. Важна, аднак, каб інвестыцыі суадносіліся з этыкай.

Папа заўважыў, што выкрыццё падазронай аперацыі ўласнымі сіламі з’яўляецца плёнам ватыканскай фінансавай рэформы, якую ініцыяваў яшчэ Бэнэдыкт XVI.
 

06 чэрвеня 2020, 10:51