Папа Францішак і кардынал Курт Кох Папа Францішак і кардынал Курт Кох

Кардынал Кох: патрэбна выразнае разуменне мэтаў экуменізму

Пра выклікі, якія стаяць перад экуменізмам, з нагоды 60-годдзя Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, распавёў у інтэрв’ю “Vatican News” яе старшыня, кардынал Курт Кох.

Іерарх заўважыў, што на працягу апошніх шасці дзесяцігоддзяў адбылося шмат экуменічных сустрэч, развіваўся дыялог паміж Цэрквамі, што прынесла вялікую колькасць добрых плёнаў.

“Тым не менш, сапраўдная мэта экуменічнага руху, якой з’яўляецца аднаўленне еднасці паміж усімі Цэрквамі, дасягнута не была. На дадзеным этапе адна з галоўных праблем заключаецца ў адсутнасці цвёрдага кансэнсуса адносна мэты экуменізму. Існуе згода адносна патрэбы адзінства, але пакуль не адносна таго, якім яно павінна быць. Патрэбна супольнае бачанне, якое фундаментальна важнае для адзінства Касцёла. Наступныя крокі могуць быць зроблены толькі калі будзем мець перад сабой выразныя мэты”, - сказаў ён.

Гаворачы пра экуменізм як “абмен дарамі”, кардынал Кох падкрэсліў, што кожная Царква можа зрабіць свой спецыфічны ўнёсак у аднаўленне адзінства. Цэрквы і супольнасці, якія ўзніклі ў выніку Рэфармацыі - навучыць першынству Божага слова, а Праваслаўныя Цэрквы – сінадальнасці і калегіяльнасці. Дарам Каталіцкага Касцёла ў экуменічную дыскусію можа быць яго паўсюднасць, - лічыць іерарх.

“У сувязі з тым, што Каталіцкі Касцёл жыве ва ўзаемаадносінах паміж адзінствам Паўсюднага Касцёла і разнастайнасцю мясцовых Касцёлаў, ён можа ўзорным чынам прадэманстраваць, што адзінства і разнастайнасць не з’яўляюцца супрацьлеглымі таксама ў сферы экуменізма, але ўзаемна дапамагаюць”

, - сказаў кардынал Кох.

Старшыня Папскай рады заўважыў, што аднаўленню адзінства спрыяе “дыялог у любові” паміж Цэрквамі, які ўжо дапамог пераадолець шматлікія забабоны з мінулага і ўмацаваць узаемаразуменне, а таксама “дыялог у праўдзе”, які заключаецца ў тэалагічным аналізе контраверсійных пытанняў, што прыводзілі да падзелаў на працягу гісторыі. Гэтыя дзве формы дыялогу паказалі, што паміж хрысціянамі ёсць больш таго, што аб’ядноўвае, чым таго, што раздзяляе.

“Нарэшце, як пра фундамендаментальны аспект, трэба памятаць пра духоўны экуменізм. Гэта значыць пра глыбокую і ўзаемную адданасць усіх вернікаў святарскай малітве Езуса аб тым, “каб усе былі адно”. Гэта малітва падтрымлівае ў нас усведамленне таго, што адзінства Цэркваў адпавядае волі Пана”

, - сцвердзіў іерарх.

Каментуючы 30-годдзе энцыклікі св. Яна Паўла ІІ “Ut unum sint” кардынал Кох заўважыў, што гэта быў першы дакумент такога роду, цалкам прысвечаны экуменізму. Ён важны таму, што ў ім Пантыфік нагадаў пра незваротнасць паўстання Каталіцкага Касцёла на экуменічны шлях, а таксама пра гатоўнасць Святога Айца да дыялогу з іншымі Цэрквамі адносна разумення першынства Біскупа Рыма. Гэта ініцыятыва аказалася прароцкай і была падтрымана таксама наступнікамі св. Яна Паўла ІІ, - падкрэсліў старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.

Папская рада спрыяння хрысціянскаму адзінству была заснавана 5 чэрвеня 1960 у рамках падрыхтоўкі да Другога Ватыканскага Сабора з першапачатковай назвай – Сакратарыят па спрыянні хрысціянскаму адзінству. Яе першым старшынёй быў нямецкі кардынал Аўгустын Бэа. З 2010 г. структурай кіруе швейцарскі кардынал Курт Кох.
 

05 чэрвеня 2020, 10:00