Пошук

Vatican News

Эксперт: у падставе новага кодэкса сацыяльнае вучэнне Касцёла

Новае заканадаўства накіравана на прадухіленне марнатраўства і карупцыі, і ўсё гэта дзеля найлепшага служэння Касцёлу, - падкрэсліў дарадца ватыканскага Губернатарату.

У інтэрв’ю L’Osservatore Romano прафесар Вінчэнца Буонома пракаментаваў абвешчаны 1 чэрвеня 2020 г. motu proprio Папы на тэму празрыстасці, кантролю і канкурэнтаздольнасці ў працэдурах заключэння дзяржаўных кантрактаў Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан.

Новы кодэкс мае свае падставы ў каталіцкім сацыяльным вучэнні, якое прадугледжвае аб’яднанне дзеянняў з рэальнымі патрабаваннямі супольнасці, - растлумачыў рэктар Папскага латэранскага ўніверсітэта. Па яго словах, дакумент, усталёўваючы новыя стандарты ў кантэксце сусветнай эканомікі, дэманструе, што шырокі асартымент тавараў і паслуг можа знізіць выдаткі. У той жа час прафесар папярэдзіў, што ўсе такога роду ініцыятывы маюць будучыню толькі ва ўмовах добрасумленнай адміністрацыі.

Адным з найважнейшых новаўвядзенняў motu proprio Буонома назваў крытэрый кантролю з мэтай забеспячэння збалансаванасці выдаткаў з улікам складанага часу, у якім эканоміка знаходзіцца зараз. Ён падкрэсліў, што гэта азначае праграмаванне выдаткаў і рацыяналізацыю планавання не сітуацыйным, а агульным і доўгатэрміновым чынам.

Яшчэ адна навінка, гэта стварэнне Спісу эканамічных работнікаў – сёння ў кожнай адміністрацыі ёсць такі спіс, – каб дзейнічаць на аснове агульных прынцыпаў пры падпісанні кантрактаў на працу, пастаўку і абслугоўванне без любога роду дыскрымінацыі. Гэта павінна садзейнічаць максімальнай канкурэнтаздольнасці і эканоміі. Кампетэнцыя судовых органаў Дзяржавы Ватыкан будзе распаўсюджвацца таксама на Рымскую курыю; Вярхоўны Трыбунал Апостальскай Сігнатуры захавае за сабой вырашэнне магчымых канфліктаў у галіне ўлады.

Прымяняючы новыя правілы, можна будзе пазбегнуць кантрактаў і здзелак, якія не адпавядаюць належнаму кіраванню, эфектыўна змагацца з марнатраўствам і стратамі, прадухіляць карупцыю ў розных яе формах.

Ватыканскім установам будзе прапанавана запраграмаваць і рацыяналізаваць выдаткі, таму што пры планаванні ім давядзецца дзейнічаць паміж рэсурсамі, якімі яны валодаюць, і мэтамі, якія яны хочуць дасягнуць, ведаючы, што ўсё гэта будзе кантралявацца. Уведзены новыя тэрміны: празрыстасць, бесстароннасць, аб’ектыўнасць як супрацьлегласць канфлікту інтарэсаў.

На думку эксперта, новыя палажэнні стануць для іх адрасатаў магчымасцю пераасэнсаваць свае функцыі і змяніць паводзіны, накіроўваючы іх выключна на “служэнне”.

Ён падкрэсліў, што спецыфіка новых стандартаў структурная, звязаная з выхаваннем людзей, якія займаюць пасады і нясуць адказнасць, да змены спосабу функцыянавання інстытутаў і іх дзейнасці. Акрамя таго, новыя правілы могуць садзейнічаць субсідыярнасці ўстаноў Святога Пасаду, неабходнай для іх эфектыўнай дзейнасці, адміністрацыйнай аўтаноміі і кіравання. Гэта адкрые шлях да агульнага для ўсіх ватыканскіх інстытутаў прававога супрацоўніцтва, каб кожны з іх, застаючыся верным сваім мэтам, адчуваў сябе часткай аднаго цела.

“Новыя нормы – гэта не толькі правілы, яны таксама з’яўляюцца магчымасцю для пераасэнсавання таго, што сёння з’яўляецца самым важным і актуальным: лепшага кіравання рэсурсамі, якія знаходзяцца ў распараджэнні Святога Пасаду для дасягнення мэт Касцёла”, - рэзюмаваў дарадца ватыканскага Губернатарату.
 

03 чэрвеня 2020, 12:58