Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Ватыканскія музеі адчыняюць дзверы для наведвальнікаў

Ватыканскія музеі і Папскія вілы ў Кастэль-Гандольфа паведамілі аб аднаўленні працы пасля перапынку, выкліканага надзвычайнай эпідэміялагічнай сітуацыяй.

Ватыканскія музеі адчыняць свае дзверы для публікі 1 чэрвеня 2020 г. З гэтай нагоды наведвальнікі змогуць убачыць адрэстаўраваныя да 500-годдзя з дня смерці Рафаэля, якое адзначаецца сёлета, Зал Канстанціна ў Станцах Рафаэля, а таксама Зал VIII Ватыканскай пінакатэкі, прысвечаны творчасці умбрыйскага генія эпохі Адраджэння.

Візіт у музеі будзе магчымы толькі па загадзя забраніраваных білетах. Іх можна замовіць на сайце www.museivaticani.va. Паведамляецца, што пры гэтым не будзе брацца дадатковая плата за папярэдняй набыццё білетаў, якая звычайна складае 4 еўра.

Пры ўваходзе ў кожнага наведвальніка будзе вызначацца тэмпература, для чаго тут былі ўстаноўлены тэрмасканеры. Доступ у музеі будзе магчымы толькі ў медыцынскай масцы. Наведвальнікі будуць абавязаны прытрымлівацца правілаў гігіены і захоўваць дыстанцыю. У музеях будзе дзейнічаць медпункт.

Зменіцца расклад працы музеяў: з панядзелка па чацвер папскія калекцыі будуць адчынены з 10.00 да 20.00, а каса будзе дзейнічаць да 18.00. У сваю чаргу з пятніцы па суботу музеі будуць адчынены з 10.00 да 22.00, а продаж білетаў будзе ажыццяўляцца да 20.00. Бясплатны ўваход у музеі ў апошнюю нядзелю месяца будзе часова адменены.

З 6 чэрвеня 2020 г. для наведвальнікаў адкрыюцца таксама Папскія вілы ў Кастэль-Гандольфа. Іх можна будзе наведаць выключна ў суботу і нядзелю з 10.00 да 18.00, а продаж білетаў будзе ажыццяўляцца да 17.00. У перыяд надзвычайнай сітуацыі не будзе курсіраваць спецыяльны цягнік да папскай летняй рэзідэнцыі, які кожную суботу адпраўляўся з Ватыканскай чыгуначнай станцыі.

 

23 мая 2020, 12:19