1589280186324.jpg

Старшыня Папскай акадэміі: пандэмія – не інструмент канфліктаў

Цяперашняя пандэмія каронавіруса павінна суправаджацца планетарнай рэвалюцыяй братэрства, - лічыць арцыбіскуп Вінчэнца Палья, старшыня Папскай акадэміі жыцця.

Па словах іерарха, пасля пандэміі ўсё зменіцца: праца, наладжванне міжасобасных адносін, жыццё ў гарадах і невялікіх цэнтрах, адукацыя і г.д., і нават удзел у жыцці Касцёла. Гледзячы ў будучыню, трэба заўважыць у гэтай трагедыі “знакі”, якія нам могуць дапамагчы і стаць асновай для будучыні. Для гэтага трэба “пачаць з прызнання агульнай уразлівасці, якую з усёй сілай раскрыла пандэмія”.

Арцыбіскуп патлумачыў, што каронавірус паказаў людзям, наколькі яны цесна звязаны паміж сабой. Інфекцыі распаўсюджваюцца з краіны ў краіну, і тое, што здарылася з адным чалавекам, закранае ўсіх. Ён адзначыў, што гаворка ідзе пра планетарны заклік да “рэвалюцыі братэрства”, у тым ліку і ў Касцёле, бо клопат адно аб адным – “гэта новая будучыня, якую мы павінны будаваць”.

Кіраўнік Папскай акадэміі прызнаў, што глабалізацыя азначае велізарны прагрэс на нашай планеце, але ў той жа час яе кінулі толькі на ласку рынку і прыбытку, не лічачыся з дэмакратыяй і салідарнасцю, што паглыбіла няроўнасць і разбурыла навакольнае асяроддзе. Будучыня пасля каронавіруса або будзе пабудавана на першаснасці салідарнасці, сацыяльных сувязях, клопаце адно аб адным, асяроддзі пражывання і экалогіі, або яе не будзе зусім, - заявіў іерарх у інтэрв’ю Vatican News.

На думку арцыбіскупа Пальі, у гэтай сітуацыі Касцёл павінен яшчэ больш унікнуць у сур’ёзныя праблемы сучаснасці, бо жыццё і яго абарона – гэта выклік, звязаны з “глабальнай біяэтыкай”.

Ён заявіў, што жыццё трэба адстойваць ад пачатку да канца, варта абараняць годнасць людзей, магчымасці для развіцця і паляпшэння сацыяльных умоў. І такія пытанні, як экалогія, тэхналогіі і развіццё ў санітарнай сферы, з’яўляюцца вызначальнымі для якасці і працягласці жыцця мільярдаў людзей.

Іерарх адзначыў, што Касцёл з вялікім пачуццём адказнасці ўспрыняў просьбы грамадзянскіх улад адмовіцца ад цэлебрацыі публічных набажэнстваў падчас пандэміі і зрабіў гэта ў духу вялікай ахвяры, таму што нядзельная літургія з’яўляецца цэнтрам касцёльнага жыцця. Ён нагадаў, што нават у канцлагерах вязні, святары і вернікі, рызыкуючы сваім жыццём, рабілі ўсё, каб адбывалася св. Імша. “Як магчыма, што супермаркеты адчыняюцца, а храмы застаюцца зачыненымі?”, - задаў рытарычнае пытанне арцыбіскуп.

На пытанне аб крытыцы ролі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў цяперашняй пандэміі, італьянскі іерарх адзначыў, што сённяшняя сістэма міжнародных арганізацый, сфарміраваная пасля Другой сусветнай вайны, па-ранейшаму застаецца важным бар’ерам супраць нацыяналізмаў, якія – калі выходзяць на першы план – аслабляюць гэтыя арганізацыі.

Адказваючы на пытанне пра пачатак пандэміі, старшыня Акадэміі заявіў, што гэта вельмі важная навуковая праблема. Але яна не павінна быць выкарыстана з мэтай палітычнай барацьбы ці палітычнай прапаганды. Пандэмія не можа стаць магчымасцю для ўзмацнення канфліктаў, напрыклад, паміж ЗША і Кітаем, але павінна садзейнічаць новым формам міжнароднага супрацоўніцтва, так неабходным у цяперашняй сітуацыі з пандэміяй, - лічыць арцыбіскуп Палья.

26 мая 2020, 12:43