Кардынал Луіс Антоніа Тагле. Ілюстрацыйнае фота Кардынал Луіс Антоніа Тагле. Ілюстрацыйнае фота

Кардынал-прэфект: разбіць люстэрка эгацэнтрызму

Новы прэфект Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў перакананы, што Касцёл павінен вярнуцца да духу ранняга хрысціянства, пазбягаючы гонкі за “эфектыўнасцю” і “паспяховасцю”.

Кардынал Луіс Антоніа Тагле даў інтэрв’ю “Vatican News”, у якім пракаментаваў пасланне Святога Айца да Папскіх місійных ініцыятыў. Дакумент быў абнародаваны 21 мая 2020 г. з нагоды штогадовай Генеральнай асамблеі структуры, якая павінна была адбыцца ў Рыме, але была адтэрмінавана з прычыны пандэміі каронавіруса.

Паводле іерарха, нягледзячы на тое, што Францішак скіраваў пасланне да кіраўніцтва Папскіх місійных ініцыятыў, ён прагне, каб увесь Касцёл пазнаёміўся з яго зместам і паразважаў над ім. Дакумент можа стаць карыснай прыладай для рахунку сумлення адносна місіянерскага духа і дзейнасці на карысць кожнага.

Прэфект падкрэсліў, што Святы Айцец не супраць выкарыстання метадаў, якія могуць зрабіць місіянерскую дзейнасць больш плённай і празрыстай, але папярэджвае пра небяспеку “вымярэння” місіі Касцёла выключна стандартамі, прадвызначанымі “мадэлямі і школамі менеджменту”, якімі б добрымі і карыснымі яны не былі.

“Прылады, накіраваныя на дасягненне большай эфектыўнасці, вядома, могуць дапамагчы, але яны не павінны падмяніць сабой місіі Касцёла. Больш эфектыўная касцёльная арганізацыя можа стаць менш місіянерскай”

, - перакананы ватыканскі іерарх.

Кардынал Тагле нагадаў пра важнасць малітвы, распазнання і прыняцця дароў Бога і дзейнасці згодна з Яго воляй. “Адлучаная ад гэтай крыніцы ласкі, справа Касцёла, і не толькі праекты Папскіх місійных ініцыятыў, будзе зведзена выключна да рэалізацыі дакладных функцый і схем”, а нечаканасці, якія пасылае Бог, і любыя “замінкі” будуць успрымацца ў якасці дэструктыўных для нашых праектаў.

Прэфект звярнуў увагу на небяспеку самалюбавання ў місіянерскай дзейнасці, ля вытокаў чаго стаіць выключна прагматычнае ці функцыянальнае ўспрыняцце. Так місіянерства можа стаць усё больш і больш засяроджаным на нас саміх, нашым імені, поспеху, рэалізацыі, рэпутацыі, а гэта прывядзе да пачуцця самадастатковасці, адсутнасці патрэбы ў даверы да Бога.

“Такая самадастатковасць умацоўвае самалюбаванне. Гэта дынаміка знявольвае чалавека ці структуру ў маленькім свеце самаізаляцыі, супрацьлеглым місіянерству. Гэта тое люстэрка эгацэнтрызму, якое Францішак заахвочвае нас разбіць”

, - звярнуў увагу філіпінскі іерарх.

“Мы павінны выкарыстоўваць празрыстае шкло, якое дазволіць нам бачыць далей за нас саміх, а не люстэрка, у якім назіраем толькі сваё аблічча і асяроддзе. Замест гэтага трэба, як раіць Папа, адчыніць вокны і дзверы, паглядзець вонкі, выйсці насустрач Божаму стварэнню, насустрач бліжняму, насустрач тым, хто знаходзіцца на задворках, насустрач тым, хто пакутуе, згубіўся, насустрач моладзі і параненым. Гледзячы на іх, зможам убачыць і сябе, і Бога... Вакцына супраць самалюбавання і самадастатковасці – гэта выйсце насустрач іншым. Гэта вакцына называецца “Касцёл, што выходзіць насустрач”. Так мы зможам па-сапраўднаму знайсці сябе”, - перакананы прэфект Кангрэгацыі евангелізацыі народаў.
 

28 мая 2020, 10:45