Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Кардынал: мастацтва заклікана несці надзею і радасць людзям

Мастацтва патрэбна для ўмацавання веры і надзеі, асабліва ў такі складаны перыяд як зараз, падкрэсліў кардынал Джанфранка Равазі, старшыня Папскай рады па культуры.

Спасылаючыся на словы Францішка аб важнасці малітвы за дзеячаў мастацтва, іерарх прыгадаў, што 56-гадоў таму, 7 мая 1964 г., у Ватыкане адбылася гістарычная падзея – Павел VI цэлебраваў спецыяльную св. Імшу за творцаў. Яна праходзіла ў Сікстынскай капэле, да роспісу якой прычыніліся такія геніі эпохі Адраджэння як Мікеланджэла, Бацічэлі, Перуджына, Пінтурык’я, Гірландая.

“Наш свет патрабуе прыгажосці, каб не патануць у адчаі”, а галоўным выклікам з’яўляецца “аднаўленне сувязі паміж мастацтвам і верай”, - прывёў кардынал думку Паўла VI.

“Гэта сувязь грунтуецца на тым, што мастацтва і вера выяўляюць не тое бачнае, што прысутнічае ў рэчаіснасці, але нябачнае, якое існуе ў бачным”

, - нагадаў іерарх словы вялікага мастака Паўля Клее.

Павел VI заклікаў веру і мастацтва “прымірыцца” і зноў стаць сябрамі, прызнаючы, што Касцёл патрабуе супрацоўніцтва з творчымі асобамі. Папа праводзіў паралель паміж мастаком і святаром, якія маюць аднолькавую мэту – рабіць зразумелым духоўны свет.

Кардынал Равазі заўважыў, што Ян Павел ІІ і Бэнэдыкт XVI паглыбілі гэтыя думкі, а некалькі дзён таму яны прагучалі і з вуснаў Францішка, падчас ранішняй Эўхарыстыі ў ватыканскім Доме св. Марты. Папа падкрэсліў, што сваёй творчасцю дзеячы мастацтва ўказваюць шлях да надзеі. “Менавіта ў гэтым і заключаецца сіла творчых людзей, асабліва ў нашыя дні, калі перад намі ўзнік самкнуты гарызонт і запанаваў смутак цяперашняй сітуацыі”, - сцвердзіў іерарх.

Старшыня Папскай рады па культуры заўважыў, што творцы, жывучы ў рэальнасці, павінны ўмець інтэрпрэтаваць і пераўтвараць яе, дапамагаць людзям не згубіцца ў пыле гісторыі. У перыяд каранціну важна, каб сваёй дзейнасцю яны суправаджалі людзей і неслі радасць у іх дамы з дапамогай сродкаў масавай інфармацыі.
 

08 мая 2020, 12:39