Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Важныя змены ў цэлебрацыі Пасхальнага Трыдуума ў Ватыкане

У сувязі з сітуацыяй, выкліканай пандэміяй каронавіруса, у расклад і парадак цэлебрацыі Пасхальнага Трыдуума ў Ватыкане былі ўнесены важныя змены.

Сёлета літургія будзе больш сціплай, чым звычайна, сканцэнтраванай на самым галоўным. У кароткі час усё было арганізавана такім чынам, каб Папа мог цэлебраваць галоўныя набажэнствы года без прысутнасці вернікаў, у амаль пустой базыліцы св. Пятра. Тым не менш, сачыць за імі сёлета будзе як ніколі шмат людзей, дзякуючы прамым трансляцыям, арганізаваным ватыканскімі СМІ.

У гэту надзвычайную Пасху Святы Айцец жадае быць блізкім да ўсіх, хто па прычыне пандэміі вымушаны знаходзіцца ў ізаляцыі. Падчас набажэнстваў у базыліцы будуць выстаўлены цудатворны абраз Маці Божай “Salus popoli romanі” – “Збаўленне рымскага народа” і старажытнае драўлянае распяцце з касцёла Сан-Марчэла-аль-Корса, якое насілі па вуліцах Рыма падчас эпідэміі “Вялікай чумы”.

У Вялікі чацвер Пантыфік не будзе цэлебраваць св. Імшу Хрызма са святарамі Рымскай дыяцэзіі. Яна адбудзецца, калі завершыцца крызіс, выкліканы пандэміяй.

Св. Імша Вячэры Пана распачнецца ў Ватыкане ў 18.00. Францішак будзе цэлебраваць яе на алтары Кафедры, а не Канфесіі св. Пятра. Літургія пройдзе без традыцыйнага абраду абмывання ног і выстаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту, як было рэкамендаванага Кангрэгацыяй Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў.

У Вялікую пятніцу адбудуцца два важныя набажэнствы. У 18.00 распачнецца літургія Мукі Пана і адарацыя крыжа. Ушануе крыж пацалункам толькі Святы Айцец. Казанне прамовіць а. Раньера Канталамеса, Прапаведнік Папскага дома. У 21.00 на плошчы св. Пятра адбудзецца набажэнства Крыжовага шляху, якое звычайна праводзіцца ў гэты дзень у рымскім Калізеі.

Стацыі будуць устаноўлены ўздоўж каланады і шляху, які вядзе на дзядзінец базылікі. Крыж будуць несці дзве групы вернікаў: вязні турмы “Due Palazzi” у Падуі, якія падрыхтавалі разважанні да набажэнства, і ватыканскія медыкі – ад імя ўсіх медыцынскіх работнікаў, якія ў гэты час знаходзяцца на “перадавой” у барацьбе з каронавірусам.

Велікодная вігілія распачнецца ў 21.00. Падчас яе сёлета не будзе ўдзяляцца сакрамэнт хросту. Пасхал будзе запалены ля алтара Канфесіі. Прысутныя на літургіі не будуць мець свечак. Традыцыйнаму закліку “Святло Хрыста” будзе спадарожнічаць паступовае запальванне святла ў базыліцы, падчас працэсіі да алтара Кафедры. Званы базылікі загучаць разам з гімнам “Хвала на вышынях”.

Св. Імша ў Велікодную нядзелю распачнецца ў 11.00 на алтары Кафедры. Евангелле будзе прачытана на двух мовах: грэчаскай і лацінскай. Адтуль жа пасля заканчэння літургіі Папа скіруе велікоднае пасланне і благаслаўленне “Urbi et Orbi”.
 

09 красавіка 2020, 12:05