RUPNIK In punta di piediAEM.jpg

Імшы ў Доме св. Марты: Езус прыходзіць праз зачыненыя дзверы

Імшамі, якія трансліруюцца з Дома, названага ў гонар святой, што клапацілася пра дабрабыт, Францішак заклікае не забывацца на тое, што ў жыцці па-сапраўднаму важнае.

Прысутнасць Уваскрослага перамагла страх апосталаў, якія перажывалі свой lockdown. Думкамі пра гэта падзяліўся ў сваёй аўтарскай рубрыцы Андрэа Тарніелі, галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ.

З пачаткам крызісу, выкліканага пандэміяй COVID-19, Папа кожны дзень суправаджае мільёны людзей па ўсім свеце цэлебрацыяй ранішняй Эўхарыстыі, якая завяршаецца адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту. Імша ў асаблівых інтэнцыях, якую ён служыць для вернікаў, вымушаных заставацца дома, трансліруецца ў прамым эфіры з Domus Sanctae Marthae, рэзідэнцыі, названай у гонар св. Марты, якую Францішак абраў месцам свайго жыхарства.

Марта была сястрой Лазара і Марыі, сям’і з Бэтаніі, якую Езус любіў і часта наведваў. У Евангеллі св. Лукі гаворыцца, што аднойчы, калі Марта займалася рознымі хатнімі справамі, служачы Хрысту, Марыя проста слухала Госця. Марта, хоць і далікатна, паскардзілася на гэта. А Езус адказаў ёй: “Марта, Марта, ты турбуешся і клапоцішся пра многае, а патрэбна толькі адно”.

Сёння як быццам Езус знайшоў спосаб нагадаць нам у гэты перыяд, калі мы фізічна далёкія ад Эўхарыстыі, што не варта забываць пра важныя рэчы, канцэнтруючыся, як Марта, выключна на бытавых клопатах. Такім чынам, Папа ўваходзіць у нашы дамы з свайго Дома св. Марты, нагадваючы нам кожны дзень, што мы ўсе – Марта.

Св. Імша заканчваецца Эўхарыстычнай адарацыяй, каб мы маглі бачыць і сузіраць Пана. А дакладней, як сказаў Францішак, каб Ён паглядзеў на нас.

Цікава, што капліца Дома св. Марты, пабудаваная ў сярэдзіне 1990-х па просьбе Яна Паўла ІІ, не прысвечана сястры Марыі – яна носіць тытул Духа Святога. Гэта вяртае нас да ўрыўка Евангелля св. Яна (20, 19-31), які чытаецца ў Нядзелю Божай Міласэрнасці: “Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя ад страху перад юдэямі, прыйшоў Езус і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і я пасылаю вас. І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і кажа: Прыміце Духа Святога”.

Вучні перапужаліся і зачыніліся ў Вячэрніку. Яны перажывалі тыя ж пачуцці і сітуацыю, якія спаткалі нас сёння: страх і блакаванне (lockdown). Мы баімся пагрозы заразіцца, зачыняемся ў нашых дамах. Але Уваскрослы прыходзіць праз зачыненыя дзверы нашых дамоў і нашых сэрцаў, перамагае нашы страхі. Ён нагадвае нам, што нашы дамы – гэта месца, дзе сведчым і перадаём сваю веру, калі ўмеем глядзець на Яго і дазваляем Яму глядзець на нас.

21 красавіка 2020, 12:44