La_Santa_Bellezza_-_Padre_Marko_Ivan_Rupnik_.jpg

Велікапосныя казанні ў Ватыкане прамовіць славенскі езуіт

Сёлетнія пятнічныя велікапосныя казанні ў Ватыкане прамовіць славенскі езуіт, кс. Марка Іван Рупнік. Першае ўжо прагучала 6 верасня 2020 г. у 9.00 у Клементыйскай зале Апостальскага палаца.

Да гэтага часу казанні рыхтаваў прапаведнік Папскага дома, якім вось ужо 40 гадоў з’яўляецца італьянскі капуцын Раньера Канталамеса. Сёлета яму споўніцца 86 гадоў.

Сёння цэлыя пакаленні сутыкаюцца з рэчаіснасцю, якую яны не разумеюць, бо такога ніколі не маглі сабе ўявіць. Аднак Марыя не баіцца рэчаіснасці – яна трывае ў “пастаянным навяртанні”, сутыкаецца з “выклікам навізны”, - заўважыў кс. Рупнік. Менавіта пад крыжом Маці Божая разумее “Слова па-новаму, і з ім разумее рэальнасць”. Крыж – гэта адзінае месца, дзе напісана, што яе Сын – гэта Кароль.

Прапаведнік падкрэсліў, што без Святога Духа “мы не можам зразумець, што Бог сапраўды існуе як любоў”. Любоў азначае – “аддаць сябе”. Каб усвядоміць гэта, трэба выйсці за рамкі нашага мыслення. У Хрысце мы атрымліваем разуменне Бога, Які “аспрэчвае рацыяналістычны падыход да веры”, у Ім мы ўсведамляем, што “гісторыяй кіруецца праз дар сябе, праз любоў”.

Мы павінны памятаць, падкрэсліў езуіт, што “наша прысутнасць у гісторыі знаходзіць сэнс у Пасхальным Трыдууме”. Бог улівае любоў Айца ў нашыя сэрцы, і гэта шлях Касцёла ў гісторыі, яго велікоднае падарожжа. Мы таксама, як і Марыя, “пакліканы да пастаяннага навяртання, каб убачыць, што гісторыя працягваецца ў адпаведнасці з Провідам”, і што Бог “выяўляе сябе ў гэтым свеце праз нашу прысутнасць”.

65-гадовы кс. Марка Рупнік з 1991 г. з’яўляецца кіраўніком Цэнтра імя Эцыа Алеці, які вывучае ўзаемасувязь паміж верай і культурай Усходу і Захаду, у Папскім усходнім інстытуце ў Рыме, дзе езуіт таксама кіруе Мастацкім атэлье. Ён стваральнік шматлікіх мазаік, у тым ліку ў капліцы Redemptoris Mater у Ватыкане, у санктуарыі св. Яна Паўла II у Кракаве, у санктуарыях у Сан-Джавані Ратонда, Лурдзе і Фаціме. Чытае лекцыі ў некалькіх папскіх ВНУ Вечнага горада і з’яўляецца кансультантам некалькіх дыкастэрый Рымскай курыі, піша кнігі і праводзіць рэкалекцыі па ўсім свеце.

Навіна ў фармаце аўдыё
06 сакавіка 2020, 13:12