1582823278624.jpg

Ватыканскі дыпламат: архіўныя дакументы пакажуць веліч Пія ХІІ

Адкрыццё архіваў пакажа Пія ХІІ як абаронцу чалавецтва і сапраўднага паўсюднага пастыра, - лічыць арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, Сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі.

Ватыканскія архіўныя фонды, якія тычацца пантыфікату Пія ХІІ, сталі даступнымі для даследчыкаў 2 сакавіка 2020 г. Сярод іх матэрыялы Гістарычнага архіву Дзяржаўнага сакратарыяту, у тым ліку дакументы Секцыі па адносінах з дзяржавамі.

Гэты фонд бярэ свой пачатак у 1814 г. і ўтрымлівае матэрыялы, звязаныя з дыпламатычнай дзейнасцю Святога Пасаду – дакументы структур, якія таксама папярэднічалі з’яўленню Секцыі: Святой Кангрэгацыі па Надзвычайных Касцёльных Справах і Рады па публічных справах Касцёла, створанай у 1960 г.

Каля 2 млн. адзінак тычыцца пантыфікату Пія ХІІ. Яны распавядаюць пра дзейнасць Святога Пасаду падчас Другой сусветнай вайны, пра дыпламатычныя адносіны, пра пытанні, звязаныя з заключэннем канкардатаў, трактатаў, ратыфікацыяй дамоў, пра гуманітарную і дабрачынную дзейнасць, утрымліваюць справаздачы аб палітычна-рэлігійнай сітуацыі, аб адукацыйных праблемах, аб пытаннях, якія тычацца Дзяржавы Ватыкан, сведчаць пра выбітных касцёльных дзеячаў таго часу, распавёў арцыбіскуп Галахер у інтэв'ю Vatican News

Асаблівай рысай Гістарычнага архіву Дзяржаўнага сакратарыяту з’яўляецца тое, што большасць яго матэрыялаў ужо алічбавана. “2 сакавіка больш за 1,3 мільёна інвентарызаваных дакументаў у лічбавым фармаце стануць даступнымі навукоўцам”, - сказаў іерарх. Ён заўважыў, што цалкам падрыхтаваны для даследаванняў дакументы, якія тычыцца першых дзесяці гадоў пантыфікаму Пія ХІІ. Фонды, якія тычацца другой паловы пантыфікату, паступова даўкамплектоўвываюцца.

Арцыбіскуп Галахер падкрэсліў, што алічбоўка дае шмат выгодаў: дапамагае лепш захаваць дакументы, спрашчае іх чытанне, пошук і раздрукоўку. Ён распавёў, што для працы з архівамі Пія ХІІ была зроблена чытальная зала ў рымскай Вежы Борджа, у якой размешчана спецыяльнае абсталяванне для прагляду дакументаў.

Ватыканскі дыпламат заўважыў, што цікавасць даследчыкаў могуць выклікаць не толькі матэрыялы Святой Кангрэгацыі па Надзвычайных Касцёльных Справах, якія галоўным чынам тычацца дыпламатычных стасункаў Святога Пасаду, але, напрыклад, дакументы Службы праслухоўвання замежных радыёстанцый. Гэта структура ўзнікла ў маі 1944 г. Яе супрацоўнікі слухалі асноўныя замежныя радыёстанцыі, рэгістравалі змест праграм, прысвечаных паведамленням аб вайне, і ў рэжыме рэальнага часу інфармавалі аб сітуацыі высокіх іерархаў Дзяржаўнага сакратарыяту. Яшчэ адзін цікавы фонд тычыцца дзейнасці Апостальскай Сталіцы ў справе ратавання Рыма ў перыяд з 1939 па 1944 гг.

Паводле арцыбіскупа Галахера, з архіўных дакументаў постаць “Папы прадстае ва ўсёй яе велічы, як абаронцы чалавецтва і сапраўднага паўсюднага пастыра”. Ён заўважыў, што Пій ХІІ быў мужным дыпламатам, а яго бязмежную любоў не заўсёды разумелі і прымалі нават у Ватыкане. “Дакументы дэманструюць высілкі, якія рабіліся, каб адказаць на просьбы аб дапамозе, аб ратаванні тых, каго пераследавалі, просьбы тых, чыё жыццё знаходзілася пад пагрозай. Вядома, што стане бачнай таксама нянавісць нацызму да Каталіцкага Касцёла і самога Папы”, - сказаў Сакратар па адносінах з дзяржавамі.

Ватыканскі дыпламат перакананы, што адкрыццё архіваў для даследчыкаў, дапаможа выявіць “нечаканыя дакументы, якія пральюць новае святло на многія пытанні”. Ён спаслаўся на нядаўнія даследаванні, якія паказваюць, што асабліва адразу пасля вайны Папа спрабаваў устанавіць кантакт з высокімі савецкімі дзеячамі. “Крыніцы, якія ўжо знаходзяцца ў распараджэнні, кажуць пра жаданне Пія ХІІ знайсці modus viventi (спосаб суіснавання), ключавое слова так званай Ostpolitik. Магчыма, што хутка будзе знойдзе пацвярджэнне гэтага”, - сказаў арцыбіскуп Галахер.

Навіна ў фармаце аўдыё
02 сакавіка 2020, 10:27