Купал базылікі св. Пятра Купал базылікі св. Пятра 

Ватыкан: рэстаўрацыя купала базылікі св. Пятра

Вярнуць першапачатковую веліч і ўмацаваць канструкцыю – мэта рэстаўрацыі барабана купала базылікі св. Пятра, спраектаванага славутымі Мікеланджэла Буанароці і Джакама дэла Порта.

Рыштаванні над ватыканскай базылікай пачалі ўстанаўліваць яшчэ 2 верасня 2019 г. Гэта было першым этапам падрыхтоўкі да доўгай і карпатлівай працы, якая, паводле папярэдніх прагнозаў, будзе працягвацца чатыры гады.

У першую чаргу, будзе адрэстаўравана франтальная частка барабана, бачная з плошчы св. Пятра, каб пілігрымы і турысты маглі як мага хутчэй ацаніць яго прыгажосць у адноўленай цэласнасці і першапачатковай белі. Затым рэстаўратары зоймуцца ўнутранай часткай, звернутай унутр Ватыкана.

Праект з’яўляецца апошнім этапам рэстаўрацыі вонкавых элементаў базылікі. У 2000 г. быў вернуты першапачатковы выгляд яе фасаду, а з 2007 г. вяліся працы па абнаўленні бакавых частак і двух малых купалоў – Грыгарыянскага і Клементыйскага.

Рэстаўрацыя мае дзве мэты: эстэтычную і функцыянальную. Акрамя вяртання старадаўняй велічы архітэктурнай структуры базылікі, гаворка ідзе пра павышэнне ўстойлівасці і бяспечнасці канструкцый.

Папярэдняя дыягностыка будзе праводзіцца з выкарыстаннем сучаснага лазернага абсталявання. Яна прадугледжвае вывучэнне фрагментаў цэглы, тынкоўкі і сажы, праверку громаадводу, ачышчэнне, умацаванне, ахову траверцінавай паверхні ад знешняга ўздзеяння. Рэстаўратары не выбеляць барабан цалкам, каб захаваць яго каштоўную “гістарычную паціну”. Яна павінна стаць часткай “новага адзення”, у якім купал паўстане перад народам, калі разбяруць рыштаванні.

Навіна ў фармаце аўдыё
05 сакавіка 2020, 11:56