Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: аддзячыць Святой Зямлі за дар збаўлення

Падтрымаць Святую Зямлю ў яе шматлікіх праблемах, - заклікаў кардынал Леанарда Сандры ў спецыяльным лісце з нагоды збору ахвяраванняў для хрысціянскіх супольнасцей гэтага рэгіёну.

Звычайна сродкі на дапамогу Касцёлу на радзіме Езуса збіраюцца ва ўсім свеце ў Вялікую пятніцу. Гэта традыцыя была ўстаноўлена ў 1974 г. папам Паўлам VI.

Прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў параўнаў ахвяраванні з магчымасцю аддзячыць Святой Зямлі “за дар Евангелля і Збаўлення ў Езусе Хрысце”. Ён нагадаў пра тэрміновыя патрэбы хрысціянскіх супольнасцей рэгіёна, звязаныя, у першую чаргу, з зніжэннем колькасці мясцовых вернікаў. Гэта пагражае знікненнем розных хрысціянскіх традыцый, карані якіх сягаюць першых стагоддзяў.

Кардынал Сандры звярнуў увагу на войны, што спрыяюць павелічэнню колькасці бежанцаў, а таксама абумоўліваюць будучыню цэлых пакаленняў, пазбаўляючы іх самага элементарнага: права на шчаслівае дзяцінства, належную школьную адукацыю, магчымасць знайсці добрую працу, стварыць сям’ю, адкрыць уласнае пакліканне, весці годнае і працавітае жыццё, мець спакойную старасць.

Ватыканскі прэфект зазначыў, што шчодры ўдзел у зборы ахвяраванняў на карысць хрысціянскіх супольнасцей у Святой Зямлі дасць магчымасць дапамагчы Касцёлу ў вырашэнні гэтых праблем, а таксама падтрымліваць у годным стане шматлікія храмы рэгіёну, якія захоўваюць памяць пра Боскае Аб’яўленне, Таямніцу Уцелаўлення і наша Адкупленне.

Навіна ў фармаце аўдыё
04 сакавіка 2020, 14:34