new-recruit-of-the-vaticans-elite-swiss-guar-1557162544658.JPG

Новы дах над галавой для Швейцарскай гвардыі

Да канца года павінны быць атрыманы неабходныя дазволы ад улад Рыма, Ватыкана і ЮНЕСКА на будаўніцтва новай казармы для Папскай швейцарскай гвардыі.

Канферэнцыя Біскупаў Швейцарыі паведаміла, што працы па зносу цяперашняга будынка ў Ватыкане і будаўніцтве новага запланаваны на 2023-2026 гады.

“Праект складаны, але справа ідзе добра”, - сказаў Жан-Пьер Рот, старшыня фонду, заснаванага для рэканструкцыі, каментуючы бягучы стан рэчаў. Тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне паказала, што рацыянальным будзе знос цяперашняй казармы паміж ватыканскімі плошчай св. Пятра і варотамі св. Ганны і будаўніцтва новай на тым жа месцы.

Кошт праекта – 51,6 мільёна еўра. Гэтая сума таксама ўключае неабходныя сродкі для часовага размяшчэння рэкрутаў у перыяд будаўніцтва. Фінансаванне будзе адбывацца за кошт ахвяраванняў.

Адной з шматлікіх архітэктурных задач рэканструкцыі з’яўляецца экспазіцыя гістарычнай Віа-Франчыджэна, якая першапачаткова праходзіла на месцы казармы. Новы будынак таксама павінен палепшыць выгляд “Пасэта”, умацаванага калідора даўжынёй каля 800 метраў у Леанінскай сцяне, які злучае Ватыкан з Замкам Святога Анёла ў раёне Борга.

Папская швейцарская гвардыя – самая маленькая і найстарэйшая ў свеце армія. Афіцыйная дата заснавання – 22 студзеня 1506 г., калі першыя 150 швейцарскіх рэкрутаў прыбылі ў Рым для абароны папы Юлія II. Прысяга новых гвардзейцаў адбываецца штогод у Ватыкане 6 мая – у памяць пра гадавіну Сака-дзі-Рома ў 1527 г. Тады 147 швейцарскіх салдат, абараняючы Пантыфіка, загінулі ў няроўнай барацьбе супраць арміі імператара Карла V.

Навіна ў фармаце аўдыё
07 сакавіка 2020, 12:01