Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папскія рэкалекцыі: слухаць Бога, каб дапамагаць братам прарочыць

“Куст палаў агнём. Сустрэча паміж Богам і чалавекам у святле Кнігі Зыходу, Евангелля св. Мацвея і малітвы Псальмаў” – тэма рэкалекцый, у якіх Папа прыме ўдзел разам з высокімі іерархамі Рымскай курыі.

Духоўныя практыкаванні пройдуць з 1 па 6 сакавіка 2020 г. у Арыча, недалёка ад Рыма. Іх правядзе сакратар Папскай біблійнай камісіі, кс. Пьетра Баваці, езуіт, даследчык Святога Пісання.

У каментары для “Vatican News” святар заўважыў, што рэкалекцыі па сваёй сутнасці павінны садзейнічаць асабістай сустрэчы чалавека з Богам. Сваім заданнем езуіт бачыць спрыянне гэтай сустрэчы, дапамагаючы пачуць Божае слова, якое прамаўляе са старонак Святога Пісання.

У медытацыях кс. Баваці засяродзіцца на постацях Майсея і Езуса, якія слухаючы Божае слова, сталі здольнымі дапамагаць сваім братамі ў прароцкім досведзе.

“Тэма малітвы і прароцтва будзе кіраваць усім шляхам, які я паспрабую прадставіць праз рэфлексію над некаторыя тэкстамі Кнігі Зыходу і ўрыўкамі Евангелля св. Мацвея, у тым ліку для таго, каб выразіць велікапосную дынаміку: падчас Вялікага посту мы закліканы духоўна прайсці шлях народу праз пустыню, які вядзе да Божай гары, да пасхальнага досведу”, - сказаў рэкалекцыяніст.

Падчас духоўных практыкаванняў гаворка будзе ісці пра важнасць слухання Божага слова, пра пакліканне, пра супраціў Божай ласцы, пра місію людзей, надзеленых высокай адказнасцю ў грамадстве, пра суцяшаючы досвед прысутнасці Бога, які ідзе побач з чалавекам, вядзе Яго і пераўтварае ў асобу, здольную выпраменьваць Божае святло, - сказаў кс. Баваці.

Навіна ў фармаце аўдыё
29 лютага 2020, 11:16