Кардынал Майкл Чэрны. Ілюстрацыйнае фота Кардынал Майкл Чэрны. Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал: перамагчы гандаль людзьмі ў адзінстве з Хрыстом

“Гандль людзьмі – гэта грэх, таму мы патрабуем Божай дапамогі і ўзаемнай падтрымкі, каб перамагчы гэтае жудаснае бедства, якое нас акружае”, - перакананы кардынал Майкл Чэрны.

8 лютага, у літургічны ўспамін св. Жазэфіны Бакіты, у Каталіцкім Касцёле адзначаецца Міжнародны дзень малітвы і рэфлексіі ў інтэнцыі барацьбы з гандлем людзьмі. З гэтай нагоды падсакратар Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека ўзначаліць вечаровае малітоўнае чуванне ў рымскай базыліцы св. Антонія на Латэране.

У інтэрв’ю Vatican News карлынал Чэрны заўважыў, што спрыяць барацьбе з гандлем людзьмі пакліканы кожны чалавек, пачынаючы з рэфлексіі пра тое, што здараецца вакол яго, не думаючы, што гэта праблема тычыцца толькі далёкіх краін.

Паводле іерарха, трэба быць уважлівымі да розных форм маргіналізацыі, адчужэння, спосабаў устаранення грамадствам людзей, якія з’яўляюцца “бескарыснымі” для эканомікі. “Гэта фундаментальныя прычыны” гандлю людзьмі, - заўважыў кардынал.

“Вось чаму супольная малітва ва ўспамін св. Жазэфіны Бакіты з’яўляецца такой важнай, каб дапамагчы нам адкрыць сэрцы, розум, рукі, каб разам дзейнічаць супраць гандлю людзьмі”, - дадаў падсакратар Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

З нагоды Міжнароднага дня малітвы і рэфлексіі ў інтэнцыі барацьбы з гандлем людзьмі 9 лютага 2020 г. у Рыме адбудзецца працэсія ад Замка св. Анёла да плошчы св. Пятра, удзельнікі якой прымуць удзел у нядзельнай малітве “Анёл Панскі” з Папам.

Навіна ў фармаце аўдыё
08 лютага 2020, 11:23